Улады абяцаюць лібералізацыю бізнесу: Лукашэнка падпісаў ключавы дэкрэт


Аляксандр Лукашэнка 23 лістапада падпісаў дэкрэт «Аб развіцці прадпрымальніцтва». Паводле меркавання ўладаў, гэта ключавы дакумент па паляпшэнні бізнес-клімату ў краіне, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Дэкрэт прадугледжвае кардынальнае змяненне механізмаў узаемадзеяння дзяржаўных органаў і бізнесу, мінімізуе ўмяшанне службовых асобаў у працу суб’ектаў гаспадарання і ўзмацняе механізмы самарэгулявання бізнесу. Пры гэтым захоўваецца «мінімальна неабходны» ўзровень кантролю з боку дзяржавы.

Заяўка праз «адно акно» – і на наступны дзень можна пачынаць працаваць

Для дасягнення гэтых мэтаў уводзіцца паведамляльны парадак ажыццяўлення найбольш распаўсюджаных відаў эканамічнай дзейнасці. Гэта бытавыя, турыстычныя, сацыяльныя паслугі, дзейнасць у сферы гандлю і грамадскага харчавання, перавозкі пасажыраў і багажу, вытворчасць прадукцыі, будматэрыялаў і інш. У пералічаных сферах засяроджана каля 95% малога і сярэдняга бізнесу.

Каб займацца гэтымі відамі дзейнасці, цяпер дастаткова будзе падаць адзінае апавяшчэнне ў выканкам праз службу «адно акно» (дапускаецца паштовае адпраўленне) альбо з дапамогай партала электронных паслуг. На наступны дзень ужо можна будзе займацца заяўленым відам дзейнасці.

Што тычыцца патрабаванняў пажарнай бяспекі, санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванняў, патрабаванняў у галіне аховы навакольнага асяроддзя і ветэрынарыі, патрабаванняў утрымання і эксплуатацыі капітальных пабудоў, то яны сістэматызаваныя і скарочаныя.

Змяншаецца колькасць неабходных дакументаў

Акрамя таго, ліквідуюцца некаторыя адміністрацыйныя барʼеры, звязаныя з наяўнасцю складаных і працяглых працэдур, атрыманнем вялікай колькасці даведак, узгадненняў і іншай дазвольнай дакументацыі. Гэтак, прадпрыемствам сферы гандлю і грамадскага харчавання не трэба будзе звяртацца ў выканкамы па ўзгадненне рэжыму працы крам, рэстарацыяў і кавярняў. Выключэнне зроблена толькі для устаноў, якія працуюць у начны час (з 23 да 7 гадзін).

У сферы транспартнай дзейнасці адменяць абавязковае патрабаванне аб афармленні дарожных лістоў для перавозак пасажыраў і багажу ў нерэгулярных рэйсах.

Адказнасць за забеспячэнне нармальнай працы прадпрыемства цалкам ускладаецца на яго кіраўніка

У прыватнасці, за непрыняцце кіраўнікоў неабходных захадаў па належнай арганізацыі дзейнасці прадпрыемства, якое пацягнула шкодныя наступствы, калі няма прыкмет злачынства ці іншага адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжаны штраф ад 10 да 200 базавых велічынь.

КА, belsat.eu

 

Стужка навінаў