Уладу ў Польшчы атрымалі былыя апазіцыянеры. Папярэднія вынікі выбараў


У Польшчы на парламенцкіх выбарах найбольш галасоў набрала нацыянал-кансерватыўная партыя «Закон і справядлівасць», прадстаўнікі якой упершыню за апошнія 8-м гадоў увойдуць ва ўрад.

У Польшчы 25 кастрычніка прайшлі парламенцкія выбары. Палякі выбіралі 460 дэпутатаў Сейму (ніжняя палата парламенту) і 100 прадстаўнікоў Сенату (верхняя палата) паводле партыйных спісаў. Яўка склала 51,6 %.

Большасць у парламенце – правыя

Перамогу на выбарах атрымала нацыянальна арыентаваная кансерватыўная партыя «Закон і справядлівасць» – 39,1 % галасоў, пра што сведчаць першыя звесткі незалежных экзіт-полаў. Папярэднія сацыялагічныя апытанні фіксавалі падтрыманне гэтай партыі ў межах 36–39,5 %.

Свае галасы за цэнтрысцкую партыю «Грамадзянская платформа», якая кіравала дагэтуль, аддалі 23,4 % выбарнікаў.

Яшчэ тры партыі пераадолелі 5-адсоткавы выбарчы бар’ер і прайшлі ў парламент; гэта выбарчы камітэт Паўла Кукіза (9 %),партыя «Сучасная» (7,1 %), Польская сялянская партыя (5,2 %). Партыя «польскага Жырыноўскага» – Януша Корвін-Міке «KORWiN» набрала 4,9 %, але канчатковыя афіцыйныя вынікі, якія аб’явяць найбліжэйшымі днямі, могуць крыху адрознівацца.

Саюз дэмакратычных левых, які хоць і набраў 6,6 %, хутчэй за ўсё не ўвойдзе ў польскі парламент, бо як хаўрус некалькіх партыяў мусіў набраць 8 % галасоў, каб перадолець выбарчы парог.

У Сейм не трапіла таксама новае палітычнае аб’яднанне «Разам» (3,9 %). Але больш за 3 % галасоў даюць ёй права на дафінансаванне з буджэту і ўзмацненне да наступных выбараў.

Былая апазіцыя ва ўладзе

Дагэтуль партыя-пераможца «Закон і справядлівасць» 8 гадоў заставалася ў апазіцыі. Лідар партыі – Ярослаў Качыньскі, брат загінула ў авіякатастрофе пад Смаленскам польскага прэзідэнта Леха Качыньскага.

Пра рост прыхільнасць да «Закону і справядлівасці» сярод палякаў сведчыць тое, што сёлета на прэзідэнцкіх выбарах у траўні перамогу атрымаў прадстаўнік гэтай партыі – Анджэй Дуда, хоць шмат хто прадказваў, што ў прэзідэнцкім фатэлі застанецца папярэдні лідар Польшчы – Браніслаў Камароўскі.

Праўда, прэзідэнцтва ў Польшчы – пераважна ганаровая і рэпрэзентацыйная пасада. Рэальная ўлада – у руках прэм’ер-міністра, які фармуе ўрад. Прэм’ер-міністрам жа становіцца прадстаўнік партыі або кааліцыі, якая складае большасць у Сейме. «Закон і справядлівасць», магчыма, створыць урад толькі са сваіх сябраў або зладзіць кааліцыю з правым рухам Паўла Кукіза.

66-гадовы Ярослаў Качыньскі не збіраецца становіцца прэм’ер-міністрам і прапанаваў на пасаду старшыні кабінету міністраў сваю намесніцу Бэату Шыдла, выпускніцу аддзялення этнаграфіі Ягелонскага ўніверсітэту.

Бэата Шыдла. Фота wikipedia.org
Бэата Шыдла. Фота wikipedia.org

Тым не менш, шмат хто з назіральнікаў мяркуе, што Качыньскі ўсё ж можа сам заняць пасаду прэм’ера, падае Бі-Бі-Сі.

Палітыка ў дачыненні да Беларусі стане больш выразнай

«Закон і справядлівасць», вярнуўшыся да ўлады, несумненна, працягваў б ажыццяўляць ідэі загінулага пад Смаленскам прэзідэнта Леха Качыньскага. Менавіта ён прытрымліваўся ў сваёй вонкавай палітыцы Ягелонскай канцэпцыі, якая разумеецца як супраца дзеля міру і дабрабыту краінаў Цэнтральнай Еўропы, у тым ліку былых народаў даўняй Рэчы Паспалітай.

Варта спадзявацца, што польская палітыка ў дачыненні Беларусі пры ўладзе «Закону і справядлівасці» стане больш выразнай і завостранай: кансерватары, натуральна, будуць дамагацца ад уладаў нашай краіны прызнання неафіцыйнага Саюзу палякаў, наўрад ці пойдуць на нейкія кампрамісы з рэжымам у Беларусі ў палітычных і нават эканамічных пытаннях, будуць больш канкрэтна фармуляваць свае ўмовы, пры якіх будзе дапускацца дыялог з кіраўніцтвам нашае краіны.

Можна прадказваць, што «Закон і справядлівасць» ахвотна будзе супрацоўнічаць з беларускай дэмакратычнай супольнасцю, бо і раней гэтая партыя выступала за падтрыманне беларускіх палітвязняў ды грамадскіх дзеячаў. Да прыкладу, у 2010-ым годзе прадстаўнікі «Закону і справядлівасці» падпісалі пагадненне аб супрацы з лідарамі Партыі Беларускі Народны Фронт.

«Грамадзянская платформа» з лідараў на другое месца

Кіраўнічая цягам апошніх 8-мі гадоў партыя «Грамадзянская платформа» на чале з прэм’ерам Эвай Копач заўсёды мела даволі стрыманую рыторыку ў дачыненні Беларусі і Расеі. Калі спн. Копач запыталі таксама, ці Польшча павінна дапамагчы Украіне зброяй, яна адказала: «Ведаеце, я – жанчына. Я ўяўляю, што я зрабіла б, калі б на вуліцы паказаўся чалавек з вострым прадметам у руках або пісталетам. Першая мая думка: там за маймі плячыма – мой дом, там мае дзеці, я ўцякаю дахаты, замыкаю дзверы і клапачуся пра сваіх дзяцей». За гэтае выказванне спн. Копач востра крытыкавалі, звяртаючы ўвагу на тое, што яна мела перадусім адказваць як прэм’ер-міністр, а не спасылацца на сваю палавую прыналежнасць.

Эва Копач. Фота wikipedia.org
Эва Копач. Фота wikipedia.org

Польскі міністр замежных справаў Гжэгаж Схэтына, які рэпрэзентуе «Грамадзянскую платформу», адзначаў раней, што не будзе пярэчыць, каб Еўразвяз зняў санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі і найвышэйшага кіраўніцтва нашай краіны.

Магчымы саюзнік «Закону і справядлівасці» – Павел Кукіз

Каманда былога рок-музыкі Паўла Кукіза, які сёлета ў траўні назбіраў на прэзідэнцкіх выбарах каля 21 % галасоў, прэзентуе правыя погляды, што яднае яго з партыяй-пераможцай. Для Кукіза Беларусь – гэта краіна, якой варта баяцца, але ў нечым і зайздросціць.

Павел Кукіз
Павел Кукіз

«Калі б Беларусь, напрыклад, хацела заняць Польшчу, то зрабіла б гэта цягам двух дзён – на выходных, увайшоўшы ў Польшчу а 16:35, бо а 16:30 нашыя вайскоўцы канчаюць працу, нікога нельга знайсці ў гарнізонах, апрача аховы, у якой служаць не вайскоўцы», – казаў раней Кукіз.

Левыя не надта папулярныя ў Польшчы

«Сучасная» пад кіраўніцтвам эканаміста Рышарда Пэтру – новая партыя, якая ўзнікла толькі сёлета. Яна выступае за ліберальную эканоміку, супраць бюракратыі ды дапамогі стратным прадпрыемствам.

Саюз дэмакратычных левых – гэта партыя, выбарчы дэвіз якой – «Школы будаваць, а святароў падаткамі абкладаць». Шмат сябраў гэтага аб’яднання маюць палітычнае мінулае яшчэ ў камуністычнай Польшчы. Саюз вылучаецца крытыкаю Касцёлу, выступае за легалізацыю абортаў ды шырокі доступ да кантрацэпцыі. Некаторыя з сябраў Саюзу могуць лабіяваць у Польшчы інтарэсы Расеі.

Сялянская партыя за Расею

Польская сялянская партыя рэпрэзентуе інтарэсы людзей, якія працуюць на зямлі. З аднаго боку, прадстаўнікі гэтай палітычнай сілы бароняць хрысціянскія каштоўнасці, з іншага – яны, да прыкладу, былі супраць, каб на фоне ваеннага канфлікту ва Украіне і анексіі Крыму псаваць адносіны з Расеяй, бо баяліся згубіць рынкі збыту сельскагаспадарчай прадукцыі.

Польскі палітык у захапленні ад Беларусі

Лідар партыі «KORWiN» Януш Корвін-Miке проста ў захапленні ад Беларусі і Расеі ды вельмі шануе іх кіраўнікоў. Раней ён сцвярджаў, што падчас Еўрамайдану ў Кіеве ў пратэстоўцаў стралялі снайперы, падрыхтаваныя ў Польшчы. А пра Аляксандра Лукашэнка выказаўся гэтак: «Ён вельмі разумны палітык. Гэта адзіны гарант незалежнасці Беларусі. Калі яго не будзе, Беларусь будзе паглынутая Расеяй з невялікаю дапамогаю маленькіх зялёных чалавечкаў».

Януш Корвін-Міке. Фота wikipedia.org
Януш Корвін-Міке. Фота wikipedia.org

У 2008 г. Януш Корвін-Міке разважаў, чаму б не аднавіць «імперыю Ягелонаў», уключыўшы ў яе Беларусь. Тады ж кандыдат адзначыў: «Калі б Лукашэнка нават замарыў голадам беларусаў, то мне гэта не перашкаджае, найважнейшае – існаванне незалежнай Беларусі. Трэба памятаць, што Беларусь мае тэмп развіцця – 3 %, а Нямеччына – 1 %. Таму гэта не такая і дрэнная сістэма…».

Выпусцілі ўлёткі па-беларуску, але ў парламент не прайшлі

Сябры партыі «Разам», якую зарэгістравалі ў ліпені 2015 года, пазіцыянуюць сябе як прыхільнікаў сацыялістычных ідэяў. Яны дамагаюцца ўвядзення 35-гадзіннага працоўнага тыдня, змяншэння падаткаў для бедных і павелічэння для багатых, павышэння мінімальнага заробку і гэтак далей. У змаганні за галасы беларусаў Падляшша «Разам» выпусціла нават перадвыбарчую ўлётку, дзе інфармацыя падавалася на беларускай мове.

Лідар партыі «Разам» Адрыян Зандбэрг
Лідар партыі «Разам» Адрыян Зандбэрг

 

Беларуская меншасць у Польшчы не мае цяпер сваёй партыі, аднак тут з 1990 года дзеяла Беларускае дэмакратычнае аб’яднанне, якое спыніла сваё існаванне ў 2004-ым, бо не мела дастатковага падтрымання сярод электарату.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu[vc_row][vc_column][/vc_column][/vc_row]

Стужка навінаў