Уладальнікаў «Мотавела» і «Ялізава» затрымалі. Заводы могуць нацыяналізаваць


Менскі мотавелазавод, які належыць аўстрыйскай кампаніі «ATEC Holding», і шклозавод «Ялізава», кантрольным пакетам акцый якога валодае гэтая ж фірма, могуць зноў стаць дзяржаўнай уласнасцю.

У дачыненні да першых асоб аўстрыйскай кампаніі і менскага мотавелазаводу заведзена крымінальная справа. Некаторыя з іх затрыманыя. Пра гэта tut.by распавялі некалькі інфармаваных крыніц. Афіцыйнага пацверджання гэтага пакуль няма.

У 2007 годзе зарэгістраваны ў Аўстрыі «ATEC Holding» набыў «Мотавела» за Br 15,6 млрд. Акрамя таго, аўстрыйская кампанія, падкантрольная братам Мураўёвым і іх расейскім партнёрам, паабяцала захаваць гандлёвую марку «Мотавела» і спецыялізацыю заводу па вытворчасці мота- і велатэхнікі, за 5 гадоў укласці ў развіццё кампаніі не менш за $ 20 млн і да 2012 года наладзіць выпуск 500 тысяч ровараў і 30 тысяч матацыклаў у год. Акрамя таго, фірма мусіла пагасіць даўгі прадпрыемства перад бюджэтам (у тым ліку крэдыт на 18,3 млрд рублёў).

Аднак новыя ўладальнікі не выканалі свае абяцанні ва ўстаноўлены тэрмін. Завод «Ялізова», прадукцыі якога цяжка было канкураваць з таннай шклатарай з Расеі, трапіў у даўгі і спыніў два цэхі з трох.

Як паведамілі tut.by некалькі інфармаваных крыніц, ужо каля месяца братоў Мураўёвых і іхныя кампаніі правяраюць сілавікі. «Адкрыта справа. Галоўныя фігуранты, Мураўёвы і кіраўніцтва кампаніяў, затрыманыя. Іх падазраюць у вывадзе капіталу», – сказала крыніца. Паводле ацэнак суразмоўцаў, сума шкоды ацэньваецца ў $ 20 млн.

5 чэрвеня з’явілася інфармацыя пра затрыманне толькі аднаго бізнесоўца – Аляксандра Мураўёва.

У 2012 годзе на загад кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі былі нацыяналізаваныя беларускія кандытарскія фабрыкі «Камунарка» і «Спартак». У выніку амерыканскі бізнесмен беларускага паходжання Марат Новікаў, якому належалі прадпрыемствы, згубіў сваю ўласнасць.

МЯ, паводле tut.by

Стужка навінаў