Украінцы збіраюцца забраць з Менску vip-самалёт Юліі Цімашэнкі


Лятак за $ 3,3 млн 8 гадоў іржавеў на сталічным авіярамонтным заводзе.

З 2004 года лятак належаў кампаніі «ЕЭС-Авиа», якая ўваходзіла ў холдынг «Единые энергетические системы Украины» (ЕЭСУ). Да 1997 года ЕЭСУ ўзначальвала Юлія Цімашэнка, а пасля сыходу ў палітыку перадала стырно кіравання кампаніяй свайму мужу Аляксандру. Паводле экспертаў, з 2006 года гэтым vip-самалётам стала карыстацца Юлія Цімашэнка, піша kp.by.

«Пагаворваюць, што 12 верасня 2007 года на гэтым самалёце прыляцеў у Мелітопаль паплечнік Юліі, былы міністр абароны Украіны Анатоль Грыцэнка», паведамляе выданне.

Апошні палёт гэты Ту-134 здзейсніў 18 красавіка 2008 года і застаўся на «Менскім авіярамонтным заводзе». У тым жа месяцы ён быў выстаўлены на продаж за $ 3,3 млн. У дакументах значылася, што ўладальнік самалёту – кіпрская афшорная кампанія «Asken Aviation Limited». Пазней абʼява аб продажы знікла з профільных рэсурсаў.

У 2011 годзе Юлію Цімашэнку абвінавацілі ў фінансавых махінацыях – яна правяла 3 гады ў турме (яе вызвалілі пасля Еўрамайдану і змены ўлады ва Украіне). Паводле суддзяў, падчас падпісання газавага кантракту Украіны з Расеяй (2009 год) былая прэмʼер-міністр перавысіла свае паўнамоцтвы. Кіеўскі суд пастанавіў пасадзіць Юлію Цімашэнку ў турму на 7 гадоў.

Лятак, які належаў кампаніі ЕЭСУ знаходзіцца на «Менскім заводзе грамадзянскай авіяцыі № 407».

«Ва ўладальнікаў засталіся даўгі за абслугоўванне, за стаянку летака, таксама ёсць штрафныя санкцыі. Цяпер ідуць перамовы, думаю, да канца году мы закроем гэтае пытанне», – паведаміў kp.by прадстаўнік заводу.

Фота: safaniuk.livejournal.com.

ЮВ, belsat.eu, паводле kp.by

Стужка навінаў