Украінцы засталіся без мінамётаў? Кароткі гайд па вайсковых рэаліях


Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка даручыў вайскоўцам аператыўна высветліць прычыны выбуху мінамёта 6 ліпеня на палігоне ў Ровенскай вобласці і часова забараніў выкарыстоўваць 120-мм мінамёты «Молат» украінскай распрацоўкі.

«Молат» падрыхтаваны для стральбы. Фота – obozrevatel.com

Мінамёт выбухнуў і забіў 3 жаўнераў. Такім чынам украінскім жаўнерам застаюцца толькі мінамёты савецкага часу для выкарыстання падчас штодзённых сутычак на лініі размежавання на тэрыторыях занятых прарасейскімі баевікамі так званых «ДНР» і «ЛНР». Аднак, ці толькі хібнасць канструкцыі можа быць вінаватай у трагедыі?

Чарговы выбух

«Даю даручэнне на вучэннях да заканчэння следства гэтыя мінамёты не выкарыстоўваць. У канцы наступнага тыдню давесці першыя вынікі расследавання», – сказаў прэзідэнт Украіны падчас наведвання 410-га заводу грамадзянскай авіяцыі ў Кіеве, паведамляе pravda.com.ua.

Выбух на палігоне. Фота – Мінабароны Украіны

Мінамёт М-120-15 «Молат» распрацавалі і пачалі пастаўляць для ўкраінскай арміі ў 2016 годзе, аднак з ім ужо было некалькі інцыдэнтаў, якія прывялі да чалавечых ахвяраў. У ліпені 2016 года «Молат» выбухнуў на палігоне ў Нікалаеўскай вобласці – загінула двое жаўнераў. У лістападзе таго ж года падчас выбуху загінулі двое байцоў добраахвотніцкага батальёну «Айдар». У 2017 годзе ў баявой абстаноўцы пры вядзенні агню гэтага мінамёта загінулі трое ўкраінскіх вайскоўцаў.

Такім чынам інцыдэнты з «Молатам» прывялі да гібелі як мінімум 10 чалавек.

Вінаватыя вытворца і распрацоўнік?

Пра хібы мінамёта «Молат» (кожны коштам прыкладна ў $ 18 000) пісалі і раней. Перш за ўсё звярталі ўвагу на нізкую якасць вытворчасці – мінамёт падаўся «дрэннай копіяй савецкага мінамёта».

Прыцэл новага мінамёта «Молат» – савецкай вытворчасці. Фота – Facebook Anatoly Tapolsky

«Адзін разваліўся яшчэ на пад’ездзе на агнявую, другі падчас першага стрэлу. Таксама банальна адваліўся механізм гарызантальнай наводкі, мацаванне рулі проста адвалілася. Пасля пятага стрэлу механізм аднаго мінамёта пачаў клініць… Прыцэлы з «Молатам» – 1946 года, 46 года, Карл! Зроблена ў СССР», – пісаў адзін з валанцёраў у жніўні 2016 года.

Адна з батарэй, якая атрымала мінамёты летам 2016 года, склала тлумачальную запіску, згодна з якой: у мінамётаў перастае нармальна працаваць механізм вертыкальнай наводкі, яны дрэнна пафарбаваныя – то бок метал лёгка зʼядае іржа, сам метал недастаткова якасны.

Вінаватыя карыстальнікі?

Мінамёт забівае жаўнераў, які з яго страляюць. Здаецца, сітуацыя зразумелая. Аднак, інцыдэнты могуць быць выкліканыя зусім не толькі хібамі канструкцыі і якасці вытворчасці.

«Калі б нехта ўзяў адсотак разарваных савецкіх мінамётаў, пра якіх усе кажуць, што яны самыя крутыя, самыя надзейныя, то іх у разы больш, чым разарваных «Молатаў»… Гэта калі вы набылі мікрахвалёўку, то можна не чытаць інструкцыю і проста ўключыць таймер. А з мінамётам так нельга. Таму што, калі мікрахвалёўка не забʼе чалавека, то мінамёт гэта зробіць абавязкова. Проста таму, што міна вагай у 16 кг мае ўласцівасць выбухаць», – заявіў камандзір 5-га батальёну Украінскай добраахвотніцкай арміі Уладзіслаў Літвін мінулай восенню.

Украінскія жаўнеры каля мінамёта. Фота – УНІАН

Аналагічнае меркаванне выказала журналіст і ветэран баявых дзеянняў на Данбасе Валерыя Бурлакава.

Сапраўды, інцыдэнты з мінамётамі могуць быць выкліканыя, напрыклад, так званым «падвойным набіваннем» – гэта калі пры вялікай хуткасці вядзення агню баец не заўважае, што мінамёт не паспеў выстраліць папярэднюю міну, і ўжо кідае ў рулю наступны боепрыпас.

Карозія можа наступіць пры адсутнасці якаснага абслугоўвання тэхнікі. Зрэшты, выбух у рулі мінамёта (любой мадэлі) можа адбыцца проста з прычыны стральбы старымі савецкімі мінамі, тэрмін выкарыстання якіх мог скончыцца 20 год таму.

Наколькі крытычная сітуацыя?

Сапраўды, мінамёт – вельмі важная зброя на лініі супрацьстаяння паміж украінскімі войскамі і прарасейскімі баевікамі. Мінамёт і снайперская вінтоўка сталі бадай галоўным сродкам знішчэння ворага ў сітуацыі пазіцыйнай вайны, у якой аказаліся абодва бакі пасля Менскіх пагадненняў 2015 года.

Гэта адзначаюць і ўкраінцы (той жа Уладзіслаў Літвін), і іхныя праціўнікі. Асабліва ва ўмовах забароны (якая, праўда, рэгулярна парушаецца) выкарыстання на фронце буйнакалібернай артылерыі.

Украінскія жаўнеры вядуць агонь з лёгкага мінамёта. Фота – Мінабароны Украіны

120-мм мінамёт – магутная зброя, калі яна знаходзіцца ў руках добра падрыхтаваных і дысцыплінаваных вайскоўцаў. Хуткастрэльнасць гэтага мінамёту – 12 стрэлаў у хвіліну, дальнасць стральбы – больш за 7 км. Усяго ўкраінская армія замовіла 280 «Молатаў».

З пачатку выпрабаванняў і эксплуатацыі мінамётаў ва ўкраінскай арміі, вытворца – кіеўскі завод «Маяк» – ужо зрабіў некалькі ўдасканаленняў у канструкцыі зброі. Адначасова трэба адзначыць, што «Молаты» ствараюць адносна невялікую частку мінамётнага парку ўкраінскай арміі – падаўляючая большасць 120-мм мінамётаў у ёй застаюцца тымі самымі старымі савецкімі, быццам бы больш надзейнымі.

«Можам паўтарыць 2.0»

Напрыканцы прывяду адну цытату на мове арыгінала для тых, хто пачне старую песню на матыў «хахлы нічога не ўмеюць» і «пры СССР/Сталіне/цары Гароху быў парадак»:

«…Зарегистрировано только по Ленинградскому фронту 64 случая разрывов 120-мм минометов с человеческими жертвами, в частях 4-го Украинского фронта – 25 случаев, бывш. Отдельной Приморской армии – 17, Карельского фронта – 6, 3-го Белорусского – 5 и т. д… Первый заместитель Народного комиссара обороны СССР Маршал Советского Союза Г. ЖУКОВ. 26 сентября 1944 г».

Аляксандр Гелагаеў

Стужка навінаў