Што будзе з картай паляка? Польшча рыхтуе змены


10 лістапада польскі Сенат (верхняя палата парламенту) разглядзеў і зацвердзіў папраўкі да закону аб карце паляка. Змены ў законе нязначныя, але могуць зрабіць працэдуру атрымання карты больш складанаю.

Актуальная версія закону 2007 года прадугледжвае магчымасць атрымання карты паляка, калі заяўнік прадэманструе, што ён належыць да польскай нацыі, або меў польскае грамадзянства, ці, прынамсі, адзін з ягоных бацькоў, бабуляў і дзядуляў або двое прадзедаў былі палякамі, ці мелі польскае грамадзянства.

«Польскі парламент разглядае закон ад 27 кастрычніка 2017 года аб унясенні змяненняў у закон аб рэпатрыяцыі, закон аб карце паляка і закон аб іншаземцах, які прадугледжвае ўнясенне змяненняў у палажэнні, якія акрэсліваюць фармальны падставы для атрымання карты паляка», – паведамілі Belsat.eu у Міністэрстве замежных справаў.

Ведамства адмовілася распавесці больш падрабязна пра запланаваныя змены. «Цяжка каментаваць тое, што не ўступіла ў сілу».

«Магчымыя змены ў законе аб карце паляка будуць асноваю для прыняцця рашэнняў консуламі пасля іх апублікавання», – нагадвае прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў.

Цяпер заяўнік можа атрымаць карту паляка, паказаўшы савецкі пашпарт, дзе ў графе «нацыянальнасць» напісана, што вы паляк/полька або даваенны пашпарт або ваенны білет дзеда/прадзеда.

Паводле новых правілаў, гэтых дакументаў можа быць не дастаткова. Напрыклад, у даваенных вайсковых білетах, упісвалася родная мова. У залежнасці ад таго, што там напісана можа быць прынятае рашэнне.

«Трэба разумець, што дакументаў, у якіх згадваецца нацыянальнасць, не так і шмат. Такія дакументы можна шукаць гадамі, – кажа беларускі гісторык і архівіст Зміцер Дрозд. – Я ведаю шмат сем’яў, у якіх былі сапраўды некаторыя польскія традыцыі. Яны былі каталікамі, якія шукалі, але не знайшлі гэтыя дакументы».

Іншыя крытэрыі не зменяцца – карту паляка можа будзе атрыманы шляхам прадстаўлення дакументаў, якія пацвярджаюць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці польскай нацыянальнай меншасці цягам трох гадоў.

Паводле Анджэя Пачобута, журналіста і члена непрызнанага беларускаю ўладаю Саюзу палякаў у Беларусі (СПБ), цяжэй за ўсё даказаць сваё паходжанне тым, каму ў савецкія часы перапісвалі нацыянальнасць або пакідалі графу «нацыянальнасць» пустою.

«У Ашмянскім раёне і ваколіцах вёскі Індура такім чынам шмат людзей перапісалі. Я думаю, што ўсе, хто меў праблему з доказам нацыянальнай прыналежнасці, але быў палякам, ужо атрымалі карту паляка», – кажа Пачобут.

Дзеяч СПБ лічыць, што змены закону не столькі звязаныя з сітуацыяй у Беларусі, колькі ва Украіне, дзе многія людзі без польскіх каранёў спрабавалі атрымаць дакумент. Паводле Пачобута, такіх украінцаў было каля 210 тысячаў.

«Карта паляка ў версіі законапраекту з прапанаванымі папраўкамі (калі яны ўступяць у сілу) будзе спаўняць пэўныя ўмовы для грамадзянаў з 15 краінаў, пералічаных у законе аб карце паляка, у тым ліку, для 300-тысяцнай групы палякаў у Беларусі, якія назвалі сябе палякамі падчас апошняга перапісу», – тлумачаць у Міністэрстве замежных спраў.

Паводле Конрада Поліка, амбасадара Польшчы ў Беларусі, карту паляка атрымала 100 000 нашых суайчыннікаў.

Дарэчы ў інтэрнэце пачаўся збор подпісаў пад петыцыяй аб выдачы картаў паляка для жыхароў былой Рэчы Паспалітай. Пакуль інцыятыву падтрымалі 400 асобаў.

«На тэрыторыі другой Рэчы Паспалітай жылі прадстаўнікі многіх нацыянальнасцяў, ці не так? – задаецца пытаннем кіраўніца Саюзу палякаў у Беларусі, Анжэліка Борыс, якае не хавае, што «збор подпісаў для беларусаў, вядома, дзіўная сітуацыя», бо карта паляка зʼяўляецца пацвярджэннем прыналежнасці да польскай нацыі і датычыць паходжання і не зʼяўляецца польскім грамадзянствам», – нагадвае Борыс.

ДД, jb, ЛБ, ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў