Украінцам дазволілі збіраць журавіны ў Беларусі


З 3 верасня на тэрыторыі Берасцейскай вобласці афіцыйна дазволена збіраць і нарыхтоўваць журавіны. Менавіта ў гэты дзень на ўчастку Пінскага памежнага атраду адновяць працу тры часовыя месцы пропуску: «Познань», «Бярозавае» і «Дроздынь».

Паводле Дзяржаўнага памежнага камітэту, тут будзе ажыццяўляцца пропуск на тэрыторыю ландшафтнага заказніку «Альманскія балоты» жыхароў украінскіх памежных вёсак: Обсічы, Дубна, Познань, Гліннае, Хмель, Бярозавае, Забалоцце, Грабунь, Дроздынь, Старое Сяло.

Грамадзяне Украіны маюць права збіраць беларускія ягады і грыбы (ад 5:00 да 22:00) толькі на падставе пропускаў, якія выдаюцца ў Пінскім памежным атрадзе пасля загадзя пададзенай заявы. Акрамя таго, у пункце пропуску неабходна прадставіць квітанцыю аб аплаце дзяржаўнай мыты (Br 210) за наведванне заказніку.

Перабыванне на тэрыторыі заказніку без гэтых дакументаў будзе лічыцца парушэннем беларускага памежнага заканадаўства.

З 1 ліпеня па 10 жніўня 32 жыхары ўкраінскага памежжа, якія адправіліся ў беларускія лясы, былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці. У 11 выпадках парушальнікі дзяржаўнай мяжы былі пакараныя дэпартацыяй з забаронай уезду ў Беларусь на тэрмін ад аднаго да пяці гадоў.

Фота: gpk.gov.by

ЮВ, belsat.eu, паводле gpk.gov.by

Стужка навінаў