Украінскія вайскоўцы ўзялі ў аблогу базу добраахвотнікаў «Правага сектару»


«Нашая база была заблакаваная без усялякіх папярэджанняў падраздзяленнямі дэсантнікаў разам з бранятэхнікаю і цяжкім узбраеннем. Былі выстаўленыя блок-пасты з маладымі, толькі мабілізаванымі жаўнерамі. Яны спынілі адную з нашых машын і запатрабавалі ад байцоў здаць зброю», – паведаміў лідар «Правага сектару» Дмітро Яраш.

Прадстаўнікі арганізацыі падкрэсліваюць, што ўпершыню за ўвесь час удзелу «Правага сектару» ў АТА, супраць добраахвотнікаў скіраваная зброя ўкраінскага войска.

«Жаўнеры спешна будуюць блокпасты, расстаўленыя БТР, ПТРК, ДШК, кулямётныя гнёзды, дарогі перагароджаныя бетоннымі блокамі. Уся зброя скіраваная ў наш бок. Вайскоўцы настроеныя агрэсіўна – патрабуюць дакументы і дазволы на зброю», – паведамляе Аляксандр Карась, адзін з камандзіраў добраахвотніцкіх фармаванняў.

Атрады «Правага сектару» дэ-юрэ з’яўляюцца незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі. Аднак раней гэта не перашкаджала добраахвотнікам і войску разам ваяваць супраць тэрарыстаў на Данбасе. Больш за тое – нярэдка менавіта добраахвотнікі трымалі самыя гарачыя кропкі на фронце, такія як вёска Пескі пад Данецкам ды Данецкі аэрапорт.

Парашэнка спужаўся?

«Нам удалося наладзіць кантакт з шараговымі ды малодшымі камандзірамі ды высветліць, што ім загадалі заблакаваць нас, бо мы нібыта збіраемся ісці на Кіеў. Падобна, што ў нашага прэзідэнта ад страху перад народам пачалася манія пераследу і трасуцца каленкі, – зазначае Карась. – Ну, што ж, я спадзяюся, мы не расчаруем гаранта і апраўдаем усе ягоныя страхі. Ну а тым, хто асмеліцца нас раззбройваць, дам параду: хлопцы, бярыце з сабою пабольш зброі, нам яе бракуе».

Дмітро Яраш, які кіруе «Правым сектарам» ды з’яўляецца Народным дэпутатам Украіны, назваў блакаванне добраахвотнікаў «цынічнаю ды подлаю правакацыяй» супраць патрыётаў Украіны. «Але да правакацыяў мы даўно прызвычаіліся, ваяваць са сваймі баявымі таварышамі на радасць паліціканам мы не будзем», – падкрэсліў Яраш. Ён аддаў загад не здаваць зброю.

Добраахвотнікі падпарадкуюцца вайскоўцам

25 сакавіка афіцыйны Кіеў запрапанаваў добраахвотнікам або здаць зброю, або ўступіць у шэрагі войска. Пры гэтым у Генеральным штабе падкрэслілі, што гэта не ўльтыматум, а прапанова.

6 красавіка Дмітро Яраш заявіў, што добраахвотнікі будуць «афармляцца» як частка ўзброеных сілаў.

Хто ваюе ў добраахвотніцкіх атрадах? Глядзіце фільм Антося Цялежнікава «Добраахвотнікі»

Байцы добраахвотніцкага ўкраінскага корпусу «Правы сектар»- вельмі розныя людзі, у бальшыні расейскамоўныя ды далёкія ад палітыкі, сярод якіх ёсць і беларусы. Сепаратысты іх баяцца і ненавідзяць.

МЛ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары