Украінскія вайскоўцы атрымалі загад масіраванага агню па сепаратыстах


Украінскія вайскоўцы раніцай 18 студзеня атрымалі загад адкрываць масіраваны агонь па пазіцыях прарасейскіх баевікоў у зоне антытэрарыстычнай аперацыі.

Пра гэта паведаміў дарадца прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі, памочнік міністра абароны Юрый Бірукоў праз «Фэйсбук», падае unian.net.

«Добрай раніцы, краіна. 8:01, ужо можна сказаць пра тое, што дзве гадзіны таму ўся групоўка нашых войскаў у сектары Б атрымала загад і адкрыла масіраваны агонь па вядомых пазіцыях сепараў», – напісаў Бірукоў.

Гэтак адбылося афіцыйнае спыненне абвешчанага раней безагнявога рэжыму.

«Мы выконвалі пераміре, так? Мы паказвалі, што зацікаўлены ў спакойным урэгуляванні, так? Ну дык вось, сёння мы пакажам наколькі мы ўмеем біць па зубах», – дадаў дарадца Парашэнкі.

Відэа: Данецк пасля абстрэлу. Асцярожна, нецэнзурная лексіка!

«Сёння раніцай з боку Узброеных сілаў Украіны пачаліся масіраваныя абстрэлы Данецку і прылеглых да яго населеных пунктаў. Украінскія вайскоўцы вядуць абстрэлы з усіх відаў узбраення: артылерыя, «Грады», мінамёты, гранатамёты», – адзначыў вайсковы дарадца кіраўніка самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі Валянцін Матузенка.

«Па словах жыхароў Данецку, гэтак інтэнсіўнай кананады, як гэтай раніцай, яны не чулі з лета», – гаворыцца ў паведамленні Данецкага агенцтва навінаў, якое цытуе interfax.by.

Раней штаб АТА паведамляў, што сітуацыя ў зоне антытэрарыстычнай аперацыі застаецца напружанай – пачынаючы з 18-й гадзіны, тэрарысты здзейснілі 28 абстрэлаў пазіцыяў украінскіх вайскоўцаў. У сваю чаргу прарасейскія баевікі сцвярджаюць, што ўкраінскія вайскоўцы за мінулыя содні некалькі разоў спрабавалі прарвацца ў Данецк.

МЯ, belsat.eu, паводле unian.net, interfax.by

Стужка навінаў