Украінскія Карпаты. Гайд «Белсату»


Калі вас не прываблівае «Пік Дзяржынскага» або «Якуцкія горы», то давайце з намі ва ўкраінскія Карпаты.

Чаму туды

Ва ўкраінскіх Карпатах і ў Закарпацці на цягам стагоддзяў сутыкаліся розныя этнічныя, культурныя і палітычныя ўплывы: румынскі, вугорскі, украінскі, польскі, славацкі (і больш шырокі чэхаславацкі) і, нарэшце, расейскі і савецкі. Мясцовае насельніцтва ўяўляе сабой цікавае спалучэнне этнічных усходніх славянаў і раманскага народу Валахоў, якія прыкачавалі туды з Балканаў, каб затым дабрацца да Татраў і за іхныя межы. І дзякуючы гэтаму па ўсіх Карпатах, пачынаючы ад Румыніі, праз Славакію, заканчваючы польскімі Татрамі і Бескідамі, горцы падобныя – кідаюцца ў вочы падабенствы кухні, адзення і нават словаў.

Гуцульская пара. Малюнак на шкле ў горным прытулку

Перад Другой сусветнай тэрыторыя Карпатаў, якая сёння належыць Украіне, была падзеленая паміж Польшчай і Чэхаславакіяй, якую з 1938 года замяніла Вугоршчына ў выніку падзелу краіны, здзейсненым у Мюнхене. Па сённяшні дзень там можна сустрэць каменныя слупы, якія паказваюць, дзе праходзілі межы. Канчаткова межы рэгіёну сфармаваліся пасля вайны, калі Закарпацце анексаваў Савецкі Саюз. Масква, парушаючы раней заключанае пагадненне з Чэхаславакіяй, вырашыла ўвайсці сюды, каб «аб’яднаць рускія землі».

Даўні польска-чэхаславацкі памежны слуп – сёння мяжа Івана-Франкаўскай і Закарпацкай вобласцяў

Як камунікаваць

У беларусаў не будзе вялікай праблемы: з украінцамі можна спакойна дамовіцца і па-беларуску, і па-руску.

Грошы і дакументы

Ва Украіну варта браць еўры або долары, і мяняць іх у абменніку. Мяжу перасякаем з пашпартам.

Як даехаць

Першы варыянт – на аўце, самастойна, карыстаючыся навігатарам.

Другі варыянт – аўтобусам з Менску ў Івана-Франкоўск з перасадкай у Кіеве.

Выезд з Менску па пятніцах а 06:10. Перасадка ў Кіеве – чаканне 5 гадзінаў. Прыезд у Івана-Франкоўск на наступны дзень а 06:30 раніцы. Кошт – 1153 грыўні ($ 44). З Івана-Франкоўска да Ярэмча – ехаць 1,5 гадзіны. Аўтобусы ходзяць каля 15 разоў на дзень і каштуюць 50–70 грыўняў (прыкладна $ 2). Гэта даволі танны варыянт.

Трэці варыянт – цягнік. 27.06, 04.07, 09.07 – у гэтыя даты цягнік «Менск – Варна» едзе да Івана-Франкоўску. Адпраўленне з Менску а 17:38 і прыезд на месца а 08:45 на наступную раніцу. Даязджае за 15 гадзінаў і каштуе прыкладна 50 долараў за месца ў купэ. Потым з Івана-Франкоўску да Ярэмча можна дабрацца тым жа аўтобусам, бо цягнікі паміж гэтымі станцыямі не ходзяць. З Ярэмча трэба даехаць да Верхавіны аўтобусам або маршруткай.

Падчас вандровак можна сустрэць каня або карову, якія пасвяцца самастойна

Маршрут

Калі ў вас ёсць на паездку 4,5 дні, то бок выязджаеце пасля абеду, а вяртаецеся ноччу або раніцай (у залежнасці ад чэргаў на мяжы) – прапануем тур па адной з палос украінскіх Карпатаў – Чарнагоры: Верхавіна – турбаза Зарасляк – Гаверла (самы высокі пік Украіны) – возера Несамовітае – возера Брэбенескуль – гара Поп Іван – прытулак «Хатка ў Кубы» – Быстрэц. Маршрут усебаковы, уключае ў сябе элементы масавага турызму – уваход на пік Карпатаў Гаверлу, святую гару для ўкраінцаў і кэмпінг у гарах, а таксама трохі «дзікасці» – спускі з начлегам у горным прытулку.

Месцы, якія трэба наведаць. Падчас паходу карыстаемся папяровай мапай – памятаем, што ў гарах няма сувязі і Googlemaps можа не працаваць

Што ўзяць з сабой

Трэба ўзяць намёты, спальныя мяшкі і дыванкі, а таксама турыстычныя кухні і адпаведны посуд, ежу для ўсёй паездкі, акрамя што хіба першага дня на турбазе. Некаторыя прадукты, напрыклад, ваду або спірт можна набыць нават на базары пад Зараслякам – у прынцыпе, як паказвае досвед, ваду таксама можна піць са струменьчыка – ніхто з чальцоў нашай экспедыцыі, у тым ліку дзіця, не меў з гэтым праблемаў. Калі вы не можаце дазволіць сабе жыллё на турыстычных базах – нічога страшна, паўсюль можна разбіць намёт.

Таму трэба ўзяць ежу на дзве вячэры і два сняданкі, найлепей сухія і лёгкія рэчы, бо ў гарах кожны дадатковы кілаграм стварае складанасці. Вядома, ідзем у добрым абутку і бярэм з сабой цёплую вопратку, сонцаахоўныя акуляры, капялюш і нешта ад ветру – наверсе ня слаба дзьме. Памятайце, што нават у сярэдзіне чэрвеня на схілах тут і там ёсць плямы снегу, і нават бываюць снегапады.

У Чарнагоры снег не тае амаль да канца чэрвеня

І, канешне, бярэм крэм ад сонца. Мапы турыстычных маршрутаў можна набыць на базары ў Зарасляку.

Дзень 1: Зарасляк і ваколіцы

Да Зарасляка можна даехаць таксоўкай з цэнтру Верхавіны, адтуль да КПП або ўваходу ў нацыянальны парк, за ўваходу у які трэба заплаціць сімвалічную суму.

Турыстычная база ў Зарасляку:

zarosljak@gmail.com

+380 68 162 0628

Да Зарасляку – 8 км па дарозе, якая плаўна падымаецца ўгару. Можна адразу паехаць туды – будзе каштаваць 66 грыўняў за чалавека (каля 300 грыўняў за таксоўку).

Скарыць Гаверлу шмат для каго з украінцаў – патрыятычны абавязак

Зарасляк (афіцыйная назва «Дзяржаўнае прадпрыемства, навучальна-спартовая база Алімпійскага рэзерву Украіны») – гэта гатэль у некалькі паверхаў, пабудаваны ля падножжа Гаверлы на вышыні 1330 метраў над узроўнем мора, дзе вы можаце адчуць дух СССР, а таксама пакаштаваць кухню і адчуць сябе ўкраінскім, а можа, і савецкім алімпійцам.

Першы прытулак тут стварылі па ініцыятыве Польскага Татраўскага таварыства яшчэ ў 1880 годзе. У міжваенны перыяд пабудавалі большы будынак, які не перажыў вайну.

Добраўпарадкаваць тэрыторыю ўлады савецкай Украіны ўзяліся ў 1950-х гадах з характэрным размахам. Пабудавалі 4-павярховы гатэльны комплекс, поле і нават пачалі будаваць лыжны трамплін, аднак планы сарваў распад СССР.

Начлег у базе каштуе 230 грыўняў (каля $ 8,8), яшчэ за 140 грыўняў (каля $ 5,5 за абед), можна дадаткова набыць ежу – атрымаеце вялікія порцыі спартоўцаў: вялікую міску баршчу, адбіўныя, макароны, бліны, і сняданак з чатырох вараных яек і велізарную міску кашы і аладак. І хоць гатэль прапануе не самы высокі ўзровень, аднак толькі з-за атмасферы варта правесці ў ім хаця б адну ноч ноч.

Яшчэ адзін цікавы варыянт, і больш танны – правесці ноч на бліжэйшым кемпінгу, дзе спыняецца багата моладзі, так што, верагодна, атрымаецца весела правесці час. Аднак не перастарайцеся, таму што перад намі доўгі шлях. Пад Зараслякам знаходзіцца вялікі базар, дзе можна купіць розныя драўляныя сувеніры ў стылі Валашка (доўгая тонкая сякера), падстаўкі для посуду, мясцовыя наліўкі, мёд і гэтак далей. Можна назапасіцца пітной вадой, асноўнымі харчамі і алкаголем.

Дзень 2. Гаверла і Брэбенескуль

Пасля сытнага алімпійскага сняданку выпраўляемся блакітным турыстычным шляхам на самую высокую гару Украіны Гаверлу (2061 м над узроўнем мора). Зойме гэта каля 2 гадзінаў спраўнага маршу. Гаверла шмат для каго з украінцаў у пэўным сэнсе святыня, і скарыць гэтую вяршыню – патрыятычны абавязак.

Некаторая ўваходзяць са сцягамі, хтосьці ідзе не надта турбуючыся пра рыштунак.

Па дарозе мінаем маляўнічы вадаспад. На вяршыні ж усталяваныя розныя патрыятычныя артэфакты: помнік з трызубам, крыж. Некаторыя спяваюць гімн, іншыя цалуюць крыж – агулам пануе ўзвышана-пікніковая атмасфера. Мы аднак ідзем далей.

Брэбенскуль – найвышэйшае горнае возера ва Украіне

Спускаемся чырвоным шляхам, каб па левай пабачыць возера Несамавітае. Калісьці вядомае менавіта праз несамавіты колер і празрыстасць – аднак гады турызму прывялі да таго, што возера трошку забрудзілася і пачынае зарастаць. Глядзім на возера з гары і ідзем далей да нашага месца начлегу і возера з таямнічай турэцкай назваю Брэбенскуль.

Ранейшая абсерваторыя выглядае як таямнічае замчышча

Лічыцца, што гэта возера – самае высокае ва Украіне (на вышыні 1801 метр). Каля яго знаходзіцца папулярнае месца для кэмпінгаў. На жаль на месцы няма а ні сметнікаў, а ні прыбіральняў, так што асобы, якія захочуць пашпацыраваць у ваколіцах, мусяць звяртаць увагу на магчымыя неспадзяванкі пад нагамі. Уласна ж возера – неверагодна прыгожае, нават прыгажэйшае за Несамавітае і турыстычны прывал там – незабывальны.

Шлях з Гаверлы да месца начлегу зойме каля 3 гадзінаў.

Дзень 3: Поп Іван і «Хатка ў Кубы»

Апошні дзень – найцяжэйшы, а там найлепш выправіцца як мага раней – нават а 7 раніцы. На шчасце ў гэты дзень мы будзем мець справу пераважна з спускамі, акрамя ўзыходу на Папа Івана. Гэты фрагмент забярэ нам амаль 4 гадзіны маршу. Далей ідзем чырвоным шляхам, каб дайсці да знакамітай гары.

Чаму знакамітай? Пад канец 30-х гг кіраўнік Лігі супрацьпаветранай і супрацьгазавай абароны адстаўны генерал Леон Бербецкі захацеў збудаваць астранамічную абсерваторыю ў Чарнагоры. За справу ўзяліся з размахам і без аглядкі на кошты. На гары Поп Іван, якая тады знаходзілася на польска-вугорскай мяжы, збудавалі 3-павярховы каменны будынак з вежаю, на якой умацавалі купал абсерваторыі.

Тут на мапе зазначаны важны адцінак, на які трэба звярнуць увагу

Абсерваторыю назвалі Белы слон – афіцыйна праз тоўсты слой снегу, які ўтвараўся за ёй узімку. Неафіцыйна ж жартавалі, што абсерваторыя ў гэтым месцы настолькі ж карысная рэч, як белы слон. Абсерваторыя, збудаваная проста на дзяржаўнай мяжы выклікала шмат плётак – нібыта ў ёй распрацоўвалася сакрэтная зброя. Людзі ў ваколіцах былі перакананыя, што акрамя трох паверхаў зверху, унутры гары зрабілі таемны аэрадром. Працаўнікі абсерваторыі не абвяргалі гэтых чутак, каб павысіць прэстыж аб’екту, за якім даглядаюць.

І дагэтуль від гары з каменным замчышчам стварае неверагоднае ўражанне. Пасля вайны будынак закінуты і толькі цяпер дзякуючы сродкам, якія здабыў Цэнтр даследаванняў Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэту (Studium Europy Wschodniej), будынак паступова рамантуюць. Калісьці тут будуць начлегі для турыстаў.

Каб трапіць да абсерваторыі, мусім збочыць з нашага маршруту. Каб не цягнуць з сабою заплечнікаў, можна іх пакінуць у расколіне ці сярод дрэваў. Ёсць некаторая рызыка, што потым іх не знойдзем. Але калі верыш ва ўласную ўдачу, варта гэтак зрабіць (канечне, пашпарты і каштоўныя рэчы ўсё ж лепш забраць). Дарога да Белага Слана тады становіцца нашмат прыемнейшаю.

І вось мы ля абсерваторыі – любуемся цудоўнымі карпацкімі відамі ды вяртаемся за заплечнікамі. Потым бярэм правей жоўтым шляхам у кірунку перавалу з назваю «Паганае месца». Тут чакае нас самая цяжкая частка дарогі. Каб трапіць да начлегу мы мусім збочыць з шляху і знайсці малую сцежку. Яна пазначаная на мапе, але часам вядзе праз ляшчэўнік, а ў адным месцы мусім па камянях пераскокваць досыць шырокі ручай.

Начлягоўня «Хатка ў Кубы» месціцца ў старой гуцульскай хаце

Гэткім чынам нечакана даходзім да чорнага шляху і паралельнага зялёнага. Трымаючыся чорнага шляху кіруемся да «Хаткі ў Кубы». Калі ўжо выйдзем з лесу, указальнікам служыць антэна мабільнага аператара на вяршыні гары – з другога боку ўласна і знаходзіцца «Хатка». Дарога ад Папа Івана да месца начлегу зойме нам каля 4 гадзінаў.

Быстрэц – канец нашага падарожжа

Начлегі «Хатка ў Кубы» знаходзіцца ў цудоўнай гуцульскай хаце, што стаіць на горным лузе. Калісьці хатаў было больш за дзясятак – сёння засталася адна. На месцы ёсць вада, добра абсталяваная кухня і халодны (але ёсць!) душ і нармальная прыбіральня. За гэтым домам шмат гадоў прыглядае паляк – былы горны праваднік – чалавек шорсткі і спецыфічны, аднак добра абазнаны. З хаткі спускаемся да вёскі Быстрэц, дзе нас сустрэне транспарт. Начлег каштуе каля $ 6.

Адтуль таксама курсуе аўтобус да Варохты, або можна спрабаваць дабрацца папуткаю. Памятайма, што па сканчэнні паездкі варта прапанаваць кіроўцы трошку грошаў. Нам, напрыклад, удалося спыніць дапатопны цяжкавік, які правёз нас у кузаве некалькі кіламетраў. У Варохце можна наведаць базар і набыць рэгіянальныя сувеніры і цудоўны мясцовы сыр.

Застаецца толькі вяртанне. У памяць надоўга ўрэжуцца фантастычныя краявіды: горы ажно па далягляд, квітнеючыя лугі са снежнымі плямамі, перарэзаныя горнымі струменямі. Сапраўды варта.

Якуб Бернат

Тэкст мае інфармацыйны, а не рэкламны характар. Аўтар не адказвае за паслугі згаданых у тэксце фірмаў і за змены коштаў.

Стужка навінаў