Хакеры з «Кіберхунты», што ўзламалі мэйл Пяскова, распавялі журналістам пра свае планы


Узломнікі не спыняць кібератакі супраць крамлёўскіх чыноўнікаў і Пуціна да таго часу, пакуль на Данбасе не скончацца баявыя дзеянні.

Пра гэта ў інтэрвʼю Reuters распавялі прадстаўнікі групы RUH8, якая ўваходзіць у арганізацыю «КіберХунта».

Праграмісты паабяцалі апублікаваць лісты прэс-сакратара расейскага прэзідэнта Дзмітрыя Пяскова і цягам тыдня паказаць трэцюю частку лістоў з узламанай скрыні памочніка Пуціна Суркова.

«Уладзіслаў Суркоў – чалавек Крамля, даволі высокапастаўлены чалавек. Мы ўсе выдатна разумеем, што з фактамі альбо без, ён датычны да таго, што адбываецца ў Данбасе, таму ён стаў чалавекам, якім мы зацікавіліся. Так, мы баімся Расеі. Так, мы ведаем, што Следчы Камітэт альбо Федэральная служба бяспекі ўжо маюць рухі ў наш бок, але мы на сваёй зямлі, і мы дакладна не збіраемся ехаць у Расею ў бліжэйшы час», – распавялі яны.

Тыдзень таму хакеры выклалі ў сеціва першую партыю лістоў Суркова, якія, паводле аналітыкаў, сведчаць пра планаванне анексіі Крыму і пра ролю Масквы ў распальванні канфлікту на ўсходзе Украіны. Паводле дарадцы міністра МУС Зоряна Шкіряка сапраўднасць перапіскі пацвердзілі СБУ, МУС ды шэраг міжнародных экспертных арганізацыяў.

Новыя звесткі сведчаць аб планах Расеі па федэралізацыі Украіны. У перапісцы ёсць праекты мапы Украіны з магчымым падзелам на «Наваросію», «Маларосію» і «Галічыну». Пры гэтым «Галічына» у адным з варыянтаў уваходзіць у федэралізаваную Украіну, у іншым зʼяўляецца асобнай дзяржавай.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў