Украінскія дэпутаты прапанавалі забіраць ліцэнзіі ў медыяў, якія маюць расейскіх уласнікаў


Неабвешчаную вайну супраць Украіны часам падтрымліваюць і ўкраінскія медыі. Гэтак бывае, калі на справе імі кіруюць расейскія ўласнікі. Некалькі дэпутатаў Вярхоўнай Рады прапанавалі забіраць ліцэнзіі ў падобных тэле- і радыёкампаніяў. Што гэта дасць? Адмысловая карэспандэнтка «Белсату» ў Кіеве распытала аднаго з аўтараў законапраекту – народнага дэпутата Украіны Сяргея Высоцкага.

«Фактычна, нягледзячы на забарону вяшчання расейскіх тэлеканалаў, ва Украіне дзейнічае масавае і досыць моцнае згуртаванае лобі, прарасейскае, якое, у тым ліку, мае рычагі ўплыву на ключавыя медыі, – заўважыў украінскі дэпутат. – Мы гаворым аб адкрытым акцыянаванні, калі расейскія кампаніі, юрыдычныя ці фізічныя асобы, валодаюць гэтымі медыямі наўпрост, альбо аб утоеным валоданні, калі на ўзроўні нейкіх афшораў, нейкіх залікаў расейскія кампаніі ўваходзяць ва ўласнасць украінскімі медыямі».

У сітуацыі, калі Расея напала на Украіну немагчыма трываць у краіне пятую калону ў выглядзе расейскіх акцыянераў, якія могуць уплываць на рэдакцыйную палітыку і ўплываюць на прызначэнне кіраўніцтва тэлекампаніяў на тэрыторыі Украіны, адзначыў спадар Высоцкі. Закон, паводле яго, накіраваны на тое, каб выключыць гэтых акцыянераў са структуры ўласнасці ўкраінскіх медыяў незалежна ад таго – відавочныя гэта акцыянеры або схаваныя, а калі медыі не выключаюць расейцаў са свайго пераліку ўласнікаў, – пазбавіць гэтыя медыі ліцэнзіі.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў