Украінскіх нацыяналістаў прысудзілі да турмы за ўдзел у вайне за незалежнасць Чачэніі


Фота: Антон Наумлюк

19 траўня Вярхоўны суд Чачэніі прызнаў грамадзянаў Украіны Мікалая Карпюка і Станіслава Клыха вінаватымі ва ўдзеле ў баявых дзеяннях супраць Расеі ў 1990-х гадах.

Паводле следства, абодва ўваходзілі ў склад атрадаў баевікоў украінскай нацыяналістычнай арганізацыі УНА-УНСО (забароненая ў РФ) у Чачэніі, у задачы якіх уваходзіла «знішчэнне грамадзянаў РФ расейскай нацыянальнасці». Карпюк і Клых не прызналі сваёй віны і заявілі, што далі прызнальныя паказанні пад катаваннямі.

Мікалай Карпюка і Станіслава Клыха затрымалі працаўнікі ФСБ у Расеі ў 2014 годзе. Клых, выкладчык гісторыі, прыехаў у горад Арол на запрашэнне знаёмай дзяўчыны. У ФСБ пра яго візіт паведамілі працаўнікі арлоўскага гатэлю. Карпюка, удзельніка забароненага ў Расеі «Правага сектару», ФСБ затрымала, калі ён прыехаў у РФ для «ўдзелу ў дыялогу з расейскім кіраўніцтвам».

Следства абвінавачвае Клыха і Карпюка ва ўдзеле ў баявых дзеяннях у Чачэніі ў 1990-х гадах, і ў прыватнасці ў баях у Грозным у канцы 1994–1995 гадоў. Фігурантамі крымінальнай справы аб падзеях у Чачэніі яны сталі не адразу.

У сакавіку 2014 года, пасля Майдану і далучэння Крыму, у гэтай справе зʼявіліся імёны ўкраінскіх палітыкаў – Арсенія Яцэнюка, Дзмітрыя Яраша, Алега Цягнібока ды іншых. Паказанні супраць іх даў іншы фігурант справы – Аляксандр Малафееў. Той быў неаднаразова пад судом і ў 2014 пагадзіўся на супрацу са следствам. Пра ўкраінцаў у яго першапачатковых паказаннях не было ні слова. Пра іх Малафееў распавёў следству ўжо пасля іх затрымання. Абвінавачанні, выстаўленыя ўкраінцам, пабудаваныя на паказаннях Малафеева – прычым адвакаты сумняюцца, што ён сам удзельнічаў у баявых дзеяннях у Чачэніі.

У судзе абодва абвінавачаныя заявілі, што не маглі ўдзельнічаць у баявых дзеяннях у Чачэніі. Паводле Станіслава Клыха, з 1991 да 1996 года ён вучыўся ва ўніверсітэце і падчас баёў у Грозным здаваў сесію, што пацвярджаецца дакументамі з ВНУ. Ён расказаў таксама, што ў 1992 годзе разам з аднакурснікамі ўступіў ва УНСО, але ў дзейнасці арганізацыі ўдзелу не браў.

Карпюк прызнаў, што разам з іншымі ўкраінскімі нацыяналістамі ваяваў у Прыднястроўі ў 1992 годзе і ў Абхазіі ў 1993-м, але ў Чачэніі ніколі не быў. У 1994–1995 гадах ён даглядаў хворую маці.

Украінцы таксама распавялі ў судзе, што пад вартай іх катавалі. Карпюк дэманстраваў сляды ад апёкаў, якія засталіся, паводле яго слоў, пасля катаванняў электрычным токам.

«Магу распавесці пра розніцу паміж тым, калі прапускаюць ток праз усё цела і калі прапускаюць праз сэрца, – прапаноўваў Карпюк суддзі. – Калі прапускаюць праз цела, перад вачыма стаіць круцёлка, якая мае фіялетавы колер, а калі праз сэрца, тая ж самая круцёлка набірае чамусьці аранжавы колер. Вось і ўся розніца».

Ён таксама заявіў, што яму пагражалі здароўем блізкіх – толькі пасля гэтага ён пагадзіўся падпісаць прызнанне. Клых сцвярджаў, што яго паілі вадкасцю, якая выклікала галюцынацыі.

Падчас аповеду пра катаванні суддзя Вахіт Ісмаілаў выдаліў прысяжных з судовай залы і некалькі разоў звяртаўся да іх з патрабаваннем не браць пад увагу «выказванняў пра нейкія катаванні».

Праваабарончы цэнтр «Мемарыял» падрабязна разабраў абвінаваўчую выснову ў справе Клыха і Карпюка і прыйшоў да высновы, што справа сфальшаваная, а самі яны, імаверна, агаварылі сябе пад ціскам.

«Фактаграфічныя памылкі, недакладнасці і недарэчнасці, якімі напоўненая абвінаваўчая выснова, дазваляе нам зрабіць выснову аб непраўдападобнасці абвінавачвання ў цэлым», – рэзюмуе «Мемарыял».

ЮВ, belsat.eu, паводле meduza.io

Стужка навінаў