Украінскіх лекараў пусцілі да Надзеі Саўчанкі


Міністр замежных справаў Украіны Павло Клімкін ды адвакат ўкраінскай лётчыцы Надзі Саўчанкі Ілля Новікаў пацвердзілі, што ўкраінскіх лекараў пусцілі ў СІЗА.

«Увесь учорашні дзень яны безвынікова прабылі ля брамаў СІЗА, бо апынулася, што па лініі МЗС штосьці не да канца ўзгаднілі і Федэральная служба выканання пакаранняў не хоча іх пускаць», – паведаміў Ілля Новікаў.

Адвакат піша ў сацыяльных сетках, што допуск лекараў да палоннай лётчыцы арганізоўвала Упаўнаважаная па правах чалавека ў РФ Эла Панфілава. «Трэба прызнаць – Панфілава прызнала сваю адказнасць за затрымку і папрасіла прабачэння, гэта прыемна кантрастуе з паводзінамі іншых расейскіх службаў», – зазначае адвакат.

Раней Новікаў паведамляў, што Надзея «пачуваецца бадзёра», але цярпіць на боль у страўніку. Паводле лекараў у СІЗА, гэта праява панкрэатыту.

Надзея Саўчанка, украінская лётчыца і добраахвотная ўдзельніца АТА, трапіла ў палон да прарасейскіх баевікоў, якія перадалі жанчыну ў рукі расейскіх спецслужбаў. Яе вінавацяць у датычнасці да смерці двух расейскіх журналістаў падчас абстрэлу на Данбасе. На знак пратэсту Саўчанка трымала шматдзённую галадоўку, якую спыніла толькі напачатку сакавіка.

МЛ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары