Украінскі закон аб люстрацыі закране мільён чалавек


Эксперт кажа, што шырокая рэалізацыя закона можа заблакаваць нармальную працу дзяржаўных установаў.

Пад дзеянне новага закона аб люстрацыі ва Украіне, які прынялі 16 верасня, падпадае каля мільёна чалавек. Такую лічбу агучыў прэм’ер-міністр Украіны Арсеній Яцэнюк.

«Па нашых падліках, пад дзеянне закона падпадае каля 1 мільёна рознага рода чыноўнікаў, дзяржслужачых, супрацоўнікаў праваахоўных органаў», – перадае словы Яцэнюка Forbes.

Па яго словах, пад гэты закон падпадае ўся вертыкаль украінскіх уладаў. Будзе створаны грамадскі савет па люстрацыі пры Міністэрстве юстыцыі.

Некаторыя эксперты не ўпэўненыя, што закон запрацуе.

«Калі закон паспрабуюць рэалізаваць у такім масавым масштабе, гэта прывядзе да вялізных праблемаў. Праблема ж не ў тым, каб усіх звольніць. Трэба думаць: хто прыйдзе на месца гэтых людзей і як хутка. Інакш мы можам проста заблакаваць нармальную працу дзяржаўных установаў», – заўважыў палітолаг Уладзімір Фясенка.

Закон «Аб ачышчэнні ўлады» быў падтрыманы народнымі дэпутатамі Украіны 16 верасня.

ЗК, belsat.eu

Стужка навінаў