Украінскі след у справе Шарамета? У Горадні выступіў з дакладам аўтар расследавання забойства


Амерыканскі журналіст Крыстафер Мілер на сустрэчы з гарадзенцамі. Горадня 21 кастрычніка 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат

Амерыканскі журналіст Крыстафер Мілер прэзентаваў у Горадні даклад пра расследаванне забойства Паўла Шарамета “У правасуддзі адмоўлена. Украіна не прасунулася ў расследаванні забойства Шарамета”.

Амерыканскі журналіст Радыё Свабода ва Украіне некалькі месяцаў займаўся даследваннем таго, як украінскія службы вялі следчы працэс у справе Паўла Шарамета, якога 20 ліпеня 2016 года узарвалі ў машыне ў Кіеве. Разам з калегамі з Камітэту па абароне журналістаў Крыстафер Мілер правёў некалькі дзесяткаў інтэрвью з блізкімі і знаёмымі Шарамета, а таксама прадстаўнікамі ўкраінскіх сілавых структур і ўлады.

Даклад аналізуе беларускі, расейскі і ўкраінскі перыяды жыцця жерналіста, якія б маглі дапамагчы высветліць, адкуль маглі паступаць пагрозы. Складаная біяграфія Шарамета даводзіць, што за час сваёй дзейнасці ён паспеў нажыць ворагаў у трох краінах, аднак шматлікія нестыкоўкі ў афіцыйнай версіі з рэальнымі фактамі прымушаюць аўтараў расследавання задумацца над украінскім следам у забойстве.

Мілер на прэзентацыі дакладу “У правасуддзі адмоўлена. Украіна не прасунулася ў расследванні забойства Шэрэмета”.Горадня 21 кастрычніка 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат

Нестыкоўкі

“Для мяне будзе пытаннем гонару зрабіць усе захады дзеля як мага хутчэйшага раскрыцця гэтага злачынства”, – заявіў прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка, які паабяцаў асабіста пракантраляваць “празрыстасць следства”. Аднак праз год пасля смерці Шарамета складаецца ўражанне, што справа “завісла”, – гаворыцца ў дакладзе.

Крытыкі абвінавачваюць улады ў некампетэнтнасці, халатнасці і сабатажы. Дагэтуль ніхто публічна не ўстанавіў асобы двух галоўных падазраваных, запісаных на відэакамеру аховы падчас закладкі бомбы. Гэтыя важныя відэаматэрыялы ўсплылі дзякуючы журналістамі.

Разам з тым вышэйшыя паліцэйскія чыны і служба бяспекі абвінавацілі адзін аднаго ў знішчэнні відэазапісаў. Патэнцыйныя сведкі і калегі Шарамета кажуць, што следчыя не дапыталі іх у поўным аб’ёме. А шэф нацыянальнай паліцыі, якой было даручана узначаліць следства, сышла ў адстаўку.

Чаму за домам Шэрэмета сачыў супрацоўнік СБУ?

Крыстафер Мілер паведамляе ў дакладзе, што Шарамет і ягоныя калегі з “Украінскай праўды” былі аб’ектамі назірання цягам некалькіх месяцаў да забойства, але хто усталяваў сачэнне і навошта – незразумела.

Толькі пасля таго, як у траўні выйшаў фільм “Забойства Паўла”, зняты групай журналістаў, паліцыя дапытала былога супрацоўніка СБУ Ігара Усціменку. На дадзены момант гэта адзіны чалавек, чыя асоба вядомая публічна, і які знаходзіўся каля дома Шарамета да і падчас закладкі бомбы.

Аднак паля допыту высветлілася, што Усціменка некалькі год не працуе на СБУ, а каля дома ён знаходзіўся, бо быў наняты прыватным ахоўнікам для нейкага суседа Шарамета.

Двое ў цёмнай вопратцы на камеры

З таго ж дакументальнага фільма вынікае, што акрамя Усціменкі на запісе відэакамеры назірання фігуруюць яшчэ дзве асобы – мужчына і жанчына, якія ідуць да машыны. Паводле дадзеных афіцыйнага расследвання гэтыя асобы “выклікаюць зацікаўленне”, аднак не абазначаюцца ў якасці афіцыйных падазраваных. Паліцыя не ідэнтыфікавала іхнія асобы публічна.

“У паліцыі ёсць некалькі відэа з выявамі забойцаў. І ёсць адзін момант, дзе вельмі яскрава бачны партрэт жанчыны. Для мяне гэта вельмі дзіўная сітуацыя. Мне здаецца абсалютна нармальным, што калі паліцыя не ў стане самастойна выявіць асобы галоўных падазраваных, то здымкі перадаюць грамадскасці.

На запісах камер можна было пабачыць рысы твару людзей, якія кружлялі ля машыны Шарамета. Аднак следчыя завяраюць, што так трэба для бяспекі падазраваных, Нібыта такая інфармацыя, калі стане публічнай, можа прымусіць мужчыну і жанчыну схавацца і бегчы з краіны”, – каментуе сітуацыю Крыстафер Мілер.

на прэзентацыі дакладу “У правасуддзі адмоўлена. Украіна не прасунулася ў расследванні забойства Шэрэмета”.Горадня 21 кастрычніка 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат

Апошнія, хто яго бачыў – байцы батальёна “Азоў”

Яшчэ адна патэнцыйна важна сустрэча, пра якую ўзгадвае Мілер у дакладзе адбылася за некалькі гадзін да забойства журналіста. Каля 11-й гадзіны вечара 19 ліпеня недалёка ад свайго дома Шарамет сустрэўся з Андрэем Білецкім, – ультраправым, былым камандзірам батальёна “Азов”, пра якога Павал пісаў у сваёй апошняй калонцы, і яшчэ з пяццю яго саслужыўцамі.

У фільме “Забойства Паўла” Білецкі і Сяргей Караткіх (беларус, якому Парашэнка даў украінскае грамадзянства) патлумачылі, што сустрэліся з журналістам, каб атрымаць ад яго параду наконт акцыі пратэста, якая была запланавана на наступную раніцу. Сустрэча доўжылася каля 15-ці хвілін.

У размове з Мілерам Караткіх зазначыў, што ў дзень смерці Паўла адразу пайшоў у паліцыю і даў паказанні, таму што сябраваў з Паўлам.

Праз два месяцы да яго прыйшлі супрацоўнікі СБУ для допыту і пазней агучылі ў прэсе ідэю, што “азоўцаў” дапытваюць у якасці падазраваных. Як мяркуе Караткіх, гэта патрэбна для таго, каб “накіраваць следства на фальшывы напрамак”.

Прафесійна спланаванае забойства

Згодна са справаздачай паліцыі 8 лютага 2017 года ў Кіеве, якая прыводзіцца ў дакладзе Мілера , да справы былі прыцягнутыя каля 35 следчых МУС, нацыянальнай паліцыі і СБУ, тры пракуроры. Было апытана больш за 1800 чалавек, прагледжана 150 тэрабайт запісаў больш чым з 200 камер відэаназірання і зроблена 280 ацэнак навінавых рэпартажаў, калонак і радыё-тэлепраграм, якія выпускаў Шарамет.

Паведамілі і вынікі аналіза выбуховага прыстасавання – мадыфікаваная мадэль супрацьпяхотнай міны МОН-50. Гэта была стандартная баявая міна, зробленая ўручную. Вельмі просты, але вельмі эфектыўны спосаб забойства, які пакідае мінімум слядоў, – кажуць следчыя.

Забіты журналіст Павал Шэрэмет. Горадня 21 кастрычніка 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат

Пустыя абяцанні ўкраінскага прэзідэнта

Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка сустрэўся з Мілерам і блізкімі Шарамета ўжо пасля публікацыі даклада. На сустрэчы ён запрапанаваў падключыць да расследавання міжнародныя сілы, якія маглі б весці незалежнае следства.

“Мы падумалі тады, што гэта вельмі добрая ідэя. Аднак пасля трох месяцаў гэтага не здарылася.

Мне давялося зноў сустрэцца з прэзідэнтам у верасні, я спытаўся, ці знайшлі Вы каго-небудзь, каго можна падключыць да следства, на што ён адказаў: “Не! Я чакаў, пакуль Вы дасце мне імёны і запрапануеце”. Прабачце, містэр прэзідэнт, я журналіст, не ў маёй кампетэнцыі шукаць міжнародных следчых”, – кажа Крыстафер Мілер.

***

Крыстафер Мілер цягам 9 гадоў працуе ва Украіне. З Паўлам Шараметам ён пазнаёміўся на Еўрамайдане ў 2013-м годзе і з таго часу часта сустракаўся з ім на акцыях пратэсту і прэс-канферэнцыях. Цяпер Мілер прэзентуе свой даклад у абласных цэнтрах Беларусі, каб прыцягнуць увагу грамадскай супольнасці да расследвання забойства Шарамета, якое за год так і не дало адказу на пытанне “Хто забіў Паўла?”.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары