Украінскі прэмʼер паабяцаў «апошнюю ў жыцці змену коштаў на газ»


Нацыянальная камісія дзяржрэгулявання энергетыкі павысіла тарыфы на паслугі цэнтральнага ацяплення на 75-90 %.

Павышэнне тарыфаў адбылося ў звязку са зменамі коштаў на газ да $ 275 за тысячу кубаметраў. Паводле кіраўніка ўкраінскага ўраду Уладзіміра Гройсмана, гэта будзе «апошняя ў жыцці змена коштаў на газ». Раней за павышэнне тарыфаў выказваўся Міжнародны валютны фонд.

«У нас ёсць мемарандум з МВФ, які не падпісаны ўкраінскім бокам, дзе прадугледжана, што тарыфы на газ пераглядаюцца штоквартальна ў залежнасці ад кошту імпарту. Калі падпішам, узнікаюць рызыкі росту коштаў на спотавым рынку і рызыкі, звязаныя з магчымай дэвальвацыяй нацыянальнай валюты. Гэта рызыкі для коштаў на газ», – тлумачыць дырэктар Цэнтру сусветнай эканомікі і міжнародных адносінаў НАН Украіны Валянцін Зямлянскі. Эксперт упэўнены, што кошты на газ і нафту будуць расці.

«Такога хамства ў дачыненні да людзей не дапускаў нават Арсеній Яцэнюк [былы кіраўнік украінскага ўраду – заўв. belsat.eu]», – пракаментавала рост коштаў лідарка партыі «Батькивщина» Юлія Цімашэнка.

Украінскі ўрад спыняе субсідаванне паслугаў цэнтральнага ацяплення з 1 ліпеня.

ЮВ, belsat.eu, паводле ukranews.com, ТАСС

Стужка навінаў