Украінскі палітык заклікае адпраўляць у Беларусь дыверсійна-выведвальныя групы


Украінскія вайскоўцы. Фота - 24 Канал

Былы дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны, сябра партыі «Свабода» Ігар Мірашнічэнка заклікаў увесці візавы рэжым з Беларуссю праз тое, што краіна мае агульную мяжу і агульныя вайсковыя інтарэсы з Расеяй, а таксама стварыць дыверсійна-выведвальныя групы на беларускай тэрыторыі.

«Тое, што мы гаворым на ўзроўні дыпламатыі, не азначае, што мы ідэнтычна павінны дзейнічаць на падпольным узроўні. А паколькі Беларусь сёння практычна мае агульную мяжу і сумесныя вайсковыя інтарэсы з РФ, то, кажучы пра тое, што трэба ўжываць візавы рэжым з Расеяй, мы павінны гаварыць пра тое самае і ў адносінах да Беларусі», – заявіў Мірашнічэнка ў эфіры тэлеканалу «112 Украіна».

Мірашнічэнка заявіў, што Украіна павінна адпраўляць дыверсійна-выведвальныя групы ў Беларусь, каб вырваць краіну з сферы ўплыву Расею.

Ігар Мірашнічэнка. Фота – Facenews.ua

«Дыпламатыя павінна мець разумны сэнс, а мы павінны дакладна разумець, што менскі працэс, яго сцэнар пішацца не ва ўкраінскіх інтарэсах, гэтак жа і месца правядзення гэтых перамоваў з’яўляецца дэ-факта варожай тэрыторыяй. Мы павінны рабіць усё для таго, каб вырваць Беларусь з гарызонту, з сферы ўплыву РФ. Дыпламаты павінны рабіць гэта на сваім узроўні рознымі спосабамі, але павінны дакладна разумець, што без, і я шчыра i сурʼёзна кажу, без стварэння сурʼёзных дыверсійна-разведвальных груп і правядзення дыверсіяў на тэрыторыі, у тым ліку інфармацыйнай, Беларусі, РФ, мы гэтага не дабʼемся», – заявіў Мірашнічэнка.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары