Украінскі палітолаг: Амбасадарам у Менску стане цяжкавагавік украінскай палітыкі


Менск нягледзячы на адсутнасць дыпламатычнага прадстаўніка Украіны застаецца галоўнаю перамоўнаю пляцоўкай у развязанні вайсковага канфлікту на Данбасе. Якой мае быць палітыка Беларусі ў дачыненні Украіны і наадварот – палітыка Украіны ў дачыненні да Беларусі? Пра гэта мы размаўляем з украінскім палітолагам Сяргеем Таранам.

«Белсат»: Пазіцыя Беларусі на саміце «Усходняга партнёрства» адносна Крыму была чаканая для Украіны? І якім чынам яна можа паўплываць на далейшыя стасункі паміж краінамі?

Сяргей Таран: Пазіцыя была некалькі нечаканая, але ўсё ж прагназаваная. Мы ж разумеем, што Расея аказвае беспрэцэдэнтны ціск на сваіх суседзяў і, сярод іншага, на Беларусь, каб яна калі і не прызнавала б Крым расейскаю тэрыторыяй, то каб і не казала, што Крым анексаваны Расеяй. Па сутнасці, Беларусь засталася адзінаю краінаю, якая перабывае на арбіце расейскіх інтарэсаў і на якія яна можа паўплываць. Магчыма, яшчэ трошкі Казахстан і некалькі маргінальных дзяржаваў у свеце. А так Беларусь засталася адзіным саюзнікам Расеі, і таму для апошняй, відавочна, стала прынцыповым, каб Беларусь заняла такую пазіцыю. Але я не думаю, што гэта стратэгічны выбар кіраўніцтва Беларусі, бо ў любым выпадку для Беларусі Украіна застаецца гэтак жа адным з нешматлікіх партнёраў – і сярод суседзяў, і на захадзе. Сярод іншага, менскі фармат перамоваў для Беларусі – гэта шанец выйсці з той дыпламатычнай ізаляцыі, у якой яна была, і, несумненна, Украіна тут першы саюзнік.

«Белсат»: А ці патрэбная Кіеву пэўная асаблівая палітыка ў дачыненні Беларусі, улічваючы менавіта яе саюзныя стасункі з Расеяй і той факт, што менскія перамовы пакуль застаюцца галоўнаю пляцоўкаю?

Сяргей Таран: Палітыка Украіны ў стасунку да Беларусі, сапраўды, мусіць быць асаблівая і падобная да палітыкі Польшчы адносна Украіны ў часы прэзідэнцтва Кучмы. Тады Кучму ахутаў скандал са знікненнем журналіста Гангадзэ. І Украіна аказалася ў дыпламатычнай ізаляцыі. Расея ад гэтага вельмі радавалася, бо ва Украіны не было іншага выйсця, як ісці ў фарватары расейскай палітыкі. Дык вось тады Польшча стварала дыпламатычны мост паміж Украінаю і астатнім светам. Для Украіны потым гэта стала вельмі карысна, бо ў Кучмы пасля Памаранчавай рэвалюцыі быў выбар – ён мог або пайсці адным шляхам, у бок Еўропы, або пайсці аўтарытарным шляхам да Расеі. Вось гэтая асаблівая супраца з Польшчаю стала для Кучмы вельмі важным працэсам, які спрыяў дэмакратызацыі Украіны. Бо Кучма не адчуваў сябе ізаляваным ад астатняга свету, і роля Польшчы была ключавая. Менавіта такой палітыкай мае кіравацца Украіна і ў стаўленні да Лукашэнкі. Нягледзячы на тое, што ў краіне бясспрэчна існуюць праблемы з парушэннем правоў чалавека і з дэмакратыяй, Лукашэнку трэба даваць выбар. Яму трэба даваць магчымасць альтэрнатывы Расеі. Можа, гэта тактычна каму і не спадабаецца, бо ў Беларусі не ўсё так добра з дэмакратыяй, але стратэгічна – гэта бясспрэчны выйгрыш, бо для Лукашэнкі гэта стварае манеўр, і гэта робіць яго незалежным ад Расеі. Дарэчы, якраз Расея хацела б, каб Украіна жорстка ставілася да Беларусі, і зразумела чаму: бо для Расеі гэта азначала б поўны кантроль і над Беларуссю, і над Лукашэнкам, а гэтага дапускаць нельга, бо Беларусь перабывае ў вельмі важнай стратэгічнай сітуацыі. Калі ў Лукашэнкі будзе такі выбар, то якраз у крытычны момант у самой Расеі, ён зможа манеўраваць, як у свой час гэта зрабіў Кучма.

«Белсат»: Якое значэнне будзе мець гісторыя з амбасадарам Ежэлем, якога Украіна, хоць і праз год, адклікала, але Беларусь нібыта адмовілася яго выдаваць? Чаму, на ваш погляд, дагэтуль у такім стратэгічным партнёры не прызначылі новай кандыдатуры на гэтую пасаду?

Сяргей Таран: Беларусь – важны партнёр Украіны. Суседняя краіна. З ёй патрэбныя асаблівыя дачыненні. Але, на жаль, яна пакуль не можа быць стратэгічным партнёрам, бо пакуль гэтаму перашкаджае сітуацыя з дэмакратыяй. Але я перакананы, што непрыемная сітуацыя з Ежэлем будзе вельмі хутка развязаная і неўзабаве прызначаць досыць дзейснага амбасадара. Я думаю, што гэта будзе цяжкавагавік украінскай палітыкі, а не другарадны чалавек. На ім будзе вялікая адказнасць за стварэнне асаблівых стасункаў паміж Беларуссю і Украінай. А сітуацыя з Ежэлем – гэта ўсё яшчэ спадчына той папярэдняй улады.

Стужка навінаў