Украінскі консул у Растове: Галадаванне Саўчанкі ўжо адбіваецца на ёй


У выглядзе Надзеі Саўчанкі ўжо заўважныя наступствы «сухога» галадання, якое яна абвясціла ў знак пратэсту на мінулым тыдні, калі расейскі суд адмовіў ёй у заключным слове і адклаў пасяджэнне, распавёў консул Украіны ў Растове-на-Доне Аляксандр Коўтун.

Коўтун сказаў, што падчас сустрэчы з Саўчанкай заўважыў на яе твары наступствы сухога галадання, у тым ліку сухасць вуснаў і бледнасць.

У той жа час, дадаў консул, Саўчанка працягвае дэманстраваць сілу волі і мэтанакіраванасць. Па словах Коўтуна, Саўчанка самастойна спусцілася ў пакой для сустрэчаў СІЗА, прычым перасоўвалася яна нармальна.

Консул сказаў, што Надзея Саўчанка разлічвае прысутнічаць у судзе 9 сакавіка і выступіць з прамовай.

Раней прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка паведаміў, што ўкраінскі консул наведаў Саўчанку ў СІЗА і даклаў яму аб стане яе здароўя. Пры гэтым ніякіх падрабязнасцяў з гэтай нагоды ўкраінскі прэзідэнт не прывёў.

Саўчанка абвясціла сухую галадоўку 3 сакавіка. Гэтак яна выказала пратэст супраць зацягвання судовага працэсу – менавіта так Саўчанка расцаніла нечаканае рашэнне суддзі перанесці на 9 сакавіка яе выступ з апошнім словам.

Ужо падрыхтаваную прамову Саўчанкі неўзабаве пасля абвяшчэння сухой галадоўкі апублікавалі на яе старонцы ў «Фэйсбуку».

Расейскія следчыя абвінавачваюць украінскую лётчыцу ў датычнасці да гібелі ў 2014 годзе двух расейскіх журналістаў у Луганскай вобласці Украіны.

Следства сцвярджае, што Надзея Саўчанка карэктавала мінамётны агонь, у якім загінулі расейцы.

Саўчанка адмаўляе віну. Яе абарона настойвае, што лётчыца трапіла ў палон раней, чым загінулі расейскія журналісты.

Акрамя таго, Саўчанка заяўляе, што яе вывезлі на тэрыторыю Расеі сілком. Акцыі салідарнасці з украінкай прайшлі ў мінулыя выходныя ў шмат якіх краінах свету, у тым ліку ў Беларусі.  9-га сакавіка каля расейскай амбасады ў Менску мае адбыцца яшчэ адна акцыя падтрымання Надзеі Саўчанкі.

МЯ, паводле bbc.com

Стужка навінаў