Украінскі бард, які пераехаў у Горадню – пра беларускі рай, Майдан, крызіс і «ўкраінскіх кідалаў»


Вядомы дзякуючы гурту «Самі свої» і праект «Гречка є», выканаўца акустычнага року Алег Сухараў пераехаў у Горадню. Думкамі пра Майдан, крызіс ды адрозненні ўкраінцаў ад беларусаў ён падзяліўся з чытачамі «Белсату».

09

Музыка матаецца паміж Украінай і Беларуссю ўжо каля 2-х гадоў. Прызнаецца, што стала пераехаў у Горадню прыкладна 2 месяцы таму – «праз дзяўчыну». Паразмаўляць з Сухаравым у нас атрымалася на адным з гарадзенскіх кватэрнікаў у старым горадзе, на «хаце» з высокімі столямі ды шпалерамі гадоў 80-х. Сваймі думкамі адрозненні ўкраінцаў ад беларусаў ён дзеліцца за пару хвілінаў да пачатку выступу.

Не мае значэння, дзе ты жывеш

15

Шукаю канцэрты, езджу, выступаю. Толькі раней я жыў ва Украіне і ездзіў выступаць у Беларусь, а зараз я жыву ў Беларусі і езджу выступаць ва Украіну. У нашым глабалізаваным свеце, зрэшты, не мае значэнне, дзе ты жывеш. Важней, чым ты займаешся.Кампютаршчыкам жа няма розніцы, дзе жыць. Галоўнае, каб быў інтэрнэт. Вось і мне таксама – была б публіка.

«Мова Нанова» і Сяргей Законнікаў

Калі я жыў у вёсцы, дык мне ніхто не быў патрэбны. А ў горадзе сітуацыя змяняецца, ты становішся сацыяльнай істотай, патрэбныя людзі, з кім можна пагутарыць, звярнуцца па дапамогу. Навокал адбываюцца нейкія культурныя ды гістарычныя працэсы, мне гэта ўсё цікава. Тут я нават на «Мову Нанова» пачаў хадзіць, каб лепш вывучыць беларускую мову. Пакуль жа па-беларуску размаўляю «поганэнько»(смяецца). Дарэчы, напісаў па-беларуску ўжо дзве песні на вершы Сяргея Законнікава.

Менск-Маладзечна

06

Мы з беларусамі ментальна розныя. Не факт, што ўкраінскі шлях падыдзе для Беларусі. Калі едзеш у цягніку з Менску да Маладзечна, ты сядзіш сабе, адзіны ўкраінец на ўвесь вагон, і бачыш, што людзі навокал нават тварамі адрозніваюцца. А вось як пажывеш троху, то гэтыя адчуванні ўжо прытупляюцца, ідзе асіміляцыя.

Майдан

04

Майдан? Дык Майдан ва Украіне не перамог, і сёння мы гэта бачым. Летась я адмыслова вярнуўся з Беларусі ў Кіеў перад 20 лютага, гадавінай расстрэлаў на Майдане. Падчас майдану, да сцэны было метраў 20, а ў тым годзе да сцэны з Парашэнкам – 200… Гімн калі заспявалі, усе разышліся, яго ніхто не слухаў. Ва Украіне зараз саджаюць патрыётаў, таму… Майдан яшчэ не скончыўся.

«Звычайныя людзі» і Хрыстос

13
Не люблю выраз «звычайныя людзі», усе ж людзі незвычайныя, створаныя Богам рознымі. Дык нават «звычайныя людзі» ва Украіне не ведаюць, што будзе праз месяц. Калі 20 лютага 2014 году адбываліся расстрэлы на Майдане, ніхто не думаў, што праз месяц мы страцім Крым. З той пары я не жыву нейкімі далёкімі планамі. Хрыстос вучыў жыць адным днём, а заўтрашні дзень сам падумае пра сябе, неяк так.

Матрыярхат

03

Планаваць лепш атрымліваецца ў жанчын. Ідэю пра пераезд мне падкінула жанчына, я сам хіба яшчэ доўга думаў бы (усміхаецца). Ёсць пра ўкраінцаў такая думка, што наша дзяржава матрыярхальная. Бачыце, пакуль у нас мужчыны пры ўладзе, плёну няма.Нехта недзе нагадаў, што калі ва Украіне жанчына прыйдзе да ўлады, то будзе рай. Вось пакуль і няма раю! (смяецца)

Беларускі рай

11

Ва Украіне ёсць міф, маўляў, у Беларусі – рай. Тут усё збераглі, нічога не раскралі, заводы працуюць, работа ёсць у людзей. Усё гэта пацвярджаецца тым, што беларусы не ездзяць на заробкі ва Украіну, а ўкраінцы ў Беларусь – ездзяць. Але ў Беларусі як заробкі вышэйшыя, так і кошты. У Кіеве, напрыклад, калі не лічыць цэнтр, тыя ж самыя кошты на здым жытла, што і ў Горадні.

Крызіс не скончыцца ніколі

Людзі тут жывуць тымі самымі праблемамі, што і ва Украіне. Таксама хварэюць, таксама няма працы або грошаў, таксама баяцца вайны, баяцца за сваіх дзяцей. Мне беларусы часам кажуць: «Ты прыехаў няўчасна, у нас зараз крызіс, працы няма…» Я кажу: «Не перажывайце, у крызісу ёсць пачатак і няма канца!» Украінцы жывуць у крызісе ўжо шмат год, прывыклі, адаптаваліся. Ніхто ўжо не лічыць, што вось-вось усё скончыцца. Быў эканамічны крызіс, а вось вам і вайну яшчэ…

Камунікабельнасць

Я тут чую размовы, маўляў, камусьці затрымалі аванс, і гэта ўжо катастрофа. Дык гэта яшчэ не крызіс і не катастрофа. А калі бахне і людзі без працы застануцца?.. Украінцаў жыццё навучыла камунікабельнасці, крызіс навучыў.

А ў Беларусі паніка пачнецца ад беспрацоўя і безграшоўя. Украінцы ўжо паездзілі па Еўропе, папрацавалі, пагандлявалі. У беларусаў жа дагэтуль не было такой патрэбы.

«Недаверлівыя хохлы»

У Крычаве ў мяне ёсць сябар, а ў яго – бацька.Той мяне з ім знаёміць, маўляў, вось, Алег з Украіны. А бацька кажа: «Я ўжо бачу, недаверлівы, як усе хахлы». Я бачу, што беларусы вельмі даверлівыя. Калі мне здаецца, што ўсё трэба праверыць некалькі разоў, беларусы ўсё прымаюць на веру. І гэта вельмі небяспечна. Бо панаедуць кідалы з Украіны і будуць разводзіць. (смяецца) Гэта ментальная хіба рыса, бо ва Украіне, там жа ўсе «недаврлівыя»…

Жыроўка

02

 

На пошце ў чарзе тут чуў, як адна жанчына казала, маўляў, жыроўка падаражала, колькі амерыканцы будуць нас мучыць? Я перапытаў: «А амерыканцы тут да чаго?» Яна здзівілася: «Ну як, яны ж душаць нас санкцыямі з-за гэтай Украіны, гэтага Крыму…» Але, папраўдзе, адкрытай ваты тут няшмат сустракаў.

Кватэрнікі і пабы

У Беларусі ёсць сетка кватэрнікаў, па якіх можна ездзіць з гораду ў горад. Гэта займае менш часу на арганізацыю і рэкламу, чым канцэрт, таму я не перажываю, што не выступаю тут на вялікай сцэне. Ва Украіне вельмі шмат пабаў, дзе праходзяць канцэрты, таму там няма кватэрнікаў, а ў Беларусі яны зберагліся. Зрэшты, я ў пабах не люблю выступаць. Бо выходзіць, што яны мне замінаюць спяваць, а я ім – піць.

Дранікі і пенсіянеры

20

Архетып Беларусі? Я не хачу казаць банальнасцяў, маўляў, гэта такі беларус у брылі, які есць дранікі… Трэба пажыць, паазірацца. Я, напрыклад, сваім вокам прыезджага, заўважаю тут вельмі шмат пенсіянераў. На вуліцах, у крамах. Можа ва Украіне ў іх няма грошаў і яны сядзяць па хатах (смяецца), а ў Беларусі, бачыце, ходзяць па крамах… і ў кіно!

АК, фота Я.Бялевіч

Стужка навінаў