Украінская журналістка, якая больш года правяла ў палоне «ЛНР»: Мяне ўтрымлівалі як небяспечнага монстра


Пакуль Надзея Саўчанка чакае абмену на палонных расейцаў, іншая вядомая закладніца спрабуе вярнуцца да мірнага жыцця.

Марыя Варфаламеева, якая трапіла ў палон да баевікоў «ЛНР» летась у студзені, цяпер папраўляе здароўе ў Нямеччыне. Пра 14 месяцаў перабывання ў луганскай турме яна распавяла карэспандэнтцы «Белсату» у Берліне.

Што з вамі адбывалася гэтыя 14 месяцаў?

Цягам усяго гэтага часу я была ў палоне, у падвале. Мяне ўтрымлівалі як небяспечнага монстра і зламысніка, які зʼяўляецца прычынай усяго зла ў свеце. То бок праблема была не ў тым, што рэспубліка забівае людзей, а ў тым што я зʼяўляюся галоўнай віноўніцаю ўсіх праблем. Мяне вінавацілі ў тым, што я забіваю жыхароў Данбасу, што я каардынатар «Правага сектара».

Якія абвінавачванні высоўвалі супраць Вас? Ці быў нейкі суд?

Я выконвала сваё журналісцкае заданне. Апынулася, што чалавек ведаў, што гэта казарма апалчэнцаў, то бок, я сфатаграфавала гэты будынак, дзе жывуць апалчэнцы, з-за чаго мяне абвінавацілі, што я каардынавала ўдар. Судовая сістэма «ЛНР» запрацавала толькі праз паўтара гады. Да гэтага часу судоў не было. Я чакала суду.

Як абыходзяцца з палоннымі на тэрыторыі сучаснага Луганску? Ці было нейкае адмысловае стаўленне да Вас?

Мне пашанцавала, праз тое, што я жанчына, мяне білі менш, груба кажучы. Яны заўсёды казалі – цябе шкада біць, ты худзенькая, развалішся. А тое, што я каардынавала «Правы сектар», як яны думаюць, было вельмі цяжкім. Тое, што журналістка, ніяк не паўплывала, у прынцыпе. Тое, што я дрэнна і няправільна асвятляю падзеі ў Луганску, я дыскрэдытавала «ЛНР», гэта канешне іх вельмі раздражняла. Як абыходзяцца з палоннымі – так я бачыла, як чалавек сыходзіць на допыт цэлы, а вяртаецца з сінякамі, вяртаецца пабіты, яго там душылі, паламалі рэбры, у гематомах, білі токам. Апранаюць на галаву процівагаз, перапыняюць падачу паветра, пасля адкрываюць газ «Чаромха», каб чалавек атруціўся. І пасля чалавек канешне прызнаецца ва ўсім.

Якія ўвогуле настроі ў рэгіёне?

Вельмі шмат людзей расчараваныя. Яны верылі ў нейкую народную рэспубліку, цяпер яны разумеюць, што гэтая народная рэспубліка не народная. Што гэта тыя ж самыя алігархі, якія былі да гэтага. Нічога новага не адбылося, і людзі, якія могуць прымаць нейкія рашэнні, разумеюць гэта.

Больш у відэа.

ЖК, belsat.eu

Стужка навінаў