«Украінская праўда»: Ваенныя страты Украіны і Расеі на Данбасе супастаўляльныя


Інтэрнет-выданне «Украінская праўда» апублікавала расследаванне, прысвечанае чалавечым стратам у вайне на Данбасе. Паводле выдання, у ваенных дзеяннях маглі загінуць каля 2 тысяч расейскіх вайскоўцаў.

Афіцыйныя страты ўкраінскіх сілавікоў (узброеныя сілы, Нацгвардія, СБУ, МУС, памежнікі) за тры гады вайны – 2.652 чалавек. Гэта інфармацыя знаходзіцца ў адкрытым доступе. Ніякіх афіцыйных звестак пра страты ў вайне супрацьлеглага боку не існуе. Вывучэннем гэтага пытання займаюцца праваабаронцы, валанцёры і журналісты.

Валанцёрскі праект «Груз-200 з Украіны ў Расею», якім кіруе Алена Васільева, сцвярджае, што падчас вайны на Данбасе страты прарасейскіх сіл склалі 3.298 чалавек. Мінімум 1.094 з іх – гэта грамадзяне Расеі (як вайскоўцы, так і добраахвотнікі у шэрагах сепаратыстаў).

Прадстаўнік групы Conflict Intelligence Team Кірыл Міхайлаў сцвярджае, што праціўнікі Украіны страцілі ў вайне 2-2,5 тысячы чалавек. Палова з іх – грамадзяне Расеі. Прадстаўнік InformNapalm Андрэй Паўлушка ацэньвае страты праціўнікаў Украіны ў 3 тысячы чалавек.

Як адзначае «Украінская праўда», Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека сцвярджае, што з сярэдзіны 2014 года па 15 лютага 2017 года на Данбасе загінулі 9.900 чалавек. З іх 2.000 – гэта цывільныя, а 298 – пасажыры рэйсу «МН-17».

«Калі з агульнага ліку адняць яшчэ і афіцыйную колькасць загінулых украінскіх сілавікоў – 2.652 чалавека, – то атрымаем, што ваенныя страты праціўніка ўкраінскай арміі дасягаюць 5 тысяч. У працэсе працы над тэмай аўтар таксама схіляецца да высновы, што страты ўкраінцаў і расейцаў у гэтай вайне супастаўныя. Выснова грунтуецца як на ацэнках і падліках розных крыніц інфармацыі, так і на характары баявых дзеянняў. Такім чынам, у выпадку з вайскоўцамі і «добраахвотнікамі»–наймітамі з Расеі можна казаць пра больш за 2 тысяч загінулых, што адпавядае колькасці аднаго палка», – піша «Украінская праўда».

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў