Украінская лётчыца Надзея Саўчанка перадала Святлане Алексіевіч сваю кнігу «Моцнае імя Надзея»


Надзея Саўчанка. Фота hronika.info

Украінская лётчыца Надзея Саўчанка, якая ўтрымліваецца пад вартай у Расеі, перадала беларускай пісьменніцы, лаўрэату Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Святлане Алексіевіч сваю кнігу «Моцнае імя Надзея», паведамляе пасольства Украіны ў Беларусі на сваёй афіцыйнай старонцы ў «Фэйсбуку».

Украінскія дыпламаты перадалі Алексіевіч гэту кнігу 20 лістапада, напярэдадні другой гадавіны «Рэвалюцыі годнасці» – маштабных пратэстаў ва Украіне, якія прывялі да ўцёкаў прэзідэнта Віктара Януковіча і да пераменаў улады, падае БелаПАН.

У знак павагі да творчасці Святланы Алексіевіч і падзякі за падтрыманне Саўчанка падпісала асобнік сваёй кнігі словамі: «Любіць свой народ, сваю Радзіму, людзей і заставацца чалавекам!». «Менавіта гэта, паводле меркавання Надзеі, аб’ядноўвае ўкраінку і беларуску, дзвюх моцных духам жанчын», – гаворыцца ў паведамленні пасольства.

Старшы лейтэнант Надзея Саўчанка служыла штурманам-аператарам верталёта Мі-24 у ваеннай авіяцыі Сухапутных войскаў Узброеных сіл Украіны. Летам 2014 года, як сцвярджае сама Саўчанка і яе абарона, яе выкралі апалчэнцы на Данбасе і перавезлі ў Расею, дзе яе абвінавацілі ў дачыненні да гібелі расейскіх журналістаў.

Саўчанцы пагражае максімальны тэрмін – 25 гадоў зняволення. У той жа час, паводле звестак абароны, Саўчанка не магла мець дачынення да гібелі журналістаў, таму што яе выкралі яшчэ да іх смерці. У 2015 годзе Надзеі Саўчанцы прысвоілі званне Героя Украіны.

Глядзіце яшчэ >>> Фота дня: Мама Надзеі Саўчанкі прыехала на суд дачкі ў незвычайнай вышыванцы

Сваю першую кнігу Надзея Саўчанка напісала, калі ўжо была ў расейскай турме. Кніга «Моцнае імя Надзея» была выдадзена сёлета ў пачатку верасня. Фактычна гэта аўтабіяграфічны твор, у якім аўтар апісала сваё бачанне вайны на Данбасе, расказала пра бітву, падчас якой яе ўзялі ў палон, і далейшыя падзеі.

Нобэлеўскую прэмію па літаратуры беларускай пісьменніцы Святлане Алексіевіч прысудзілі сёлета за «шматгалосае гучанне яе прозы і ўвекавечанне пакут і мужнасці».

Алексіевіч неаднаразова выступала з крытыкай у адрас кіраўніцтва Беларусі і Расеі, а таксама выказвала салідарнасць з Украінай у ваенным канфлікце, які разгортваецца на Данбасе.

Раней Саўчанка сказала пра Алексіевіч: «Яна дачка вялікага і годнага беларускага народа!»

МЯ, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары