Украінскай лётчыцы Надзеі Саўчанцы перасталі перадаваць пошту ў расейскай турме


Украінскай лётчыцы Надзеі Саўчанцы, якая абвінавачваецца ў РФ у забойстве расейскіх журналістаў і знаходзіцца ў турме ў Новачаркаску Растоўскай вобласці, перасталі перадаваць пошту, сцвярджае яе адвакат Марк Фейгін.

«Перасталі перадаваць пошту Надзеі ў турму ў Новачаркаску. Я прашу сяброў пісаць скаргі начальству», – паведаміў адвакат на сваёй старонцы ў «Тўітэры».

Раней медыі паведамлялі пра магчымасць абмену Саўчанкі на затрыманых ва Украіне грамадзянаў Расеі Яўгена Ерафеева і Аляксандра Аляксандрава, інфармуе interfax.by.

«Пасля суда будзе прымацца рашэнне аб іх (затрыманых расейцаў – рэд.) далейшым лёсе. Што датычыць магчымага абмену, то я не выключаю такой магчымасці, але гэта выходзіць за межы маёй кампетэнцыі», – сказаў кіраўнік Службы бяспекі Украіны Васіль Грыцак

Між тым абарона ўкраінскай лётчыцы лічыць, што яе абмен на затрыманых ва Украіне грамадзянаў РФ магчымы толькі пасля вынясення прысуду, пасля якога магчымы нейкі дыялог.

Адвакат Мікалай Полазаў адзначыў, што, напрыклад, бакі могуць дамовіцца аб тым, што Саўчанка, Аляксандраў і Ерафееў будуць адбываць пакаранне на радзіме.

«Вядома, можна было і не чакаць вынясення прысудаў, але я думаю, што для гэтага мусяць быць праведзеныя нейкія палітычныя перамовы», – сказаў Полазаў.

Грамадзяне Расеі Аляксандр Аляксандраў і Яўгеній Ерафееў былі затрыманыя ўкраінскімі спецслужбамі 16 траўня недалёка ад гораду Шчасце ў Луганскай вобласці. Украінскі бок назваў Ерафеева і Аляксандрава расейскімі вайскоўцамі. У Мінабароны Расеі ў адказ на гэта паведамілі, што Аляксандраў і Ерафееў з’яўляюцца грамадзянамі РФ, але на момант затрымання не былі дзейснымі вайскоўцамі Узброеных сіл РФ.

Надзея Саўчанка абвінавачваецца ў датычнасці да гібелі расейскіх журналістаў пад Луганскам. Як сцвярджае следства, яны былі забітыя з наводкі Саўчанкі, а сама яна пазней была затрыманая на мяжы з Расеяй, куды нібыта адправілася пад выглядам уцякачкі.

Абвінавачаная адмаўляе сваю віну. Саўчанка і ейныя адвакаты сцвярджаюць, што яе скралі ў чэрвені 2014 года на тэрыторыі Луганскай вобласці і даставілі ў Расею. Па дадзеных абароны, яна не магла быць датычная да гібелі журналістаў, паколькі трапіла ў палон яшчэ да іх смерці.

Чытайце яшчэ >>> Надзея Саўчанка: год у расейскім палоне

#FreeSavchenko: у дзень народзінаў Надзеі Саўчанкі актывісты ладзяць флэш-моб па ўсім свеце

Украінскія вайскоўцы ўзялі ў палон двух расейскіх спецназаўцаў

МЯ, паводле interfax.by

Стужка навінаў