Украінска-літоўска-польская брыгада – навошта патрэбная і ці будзе ваяваць на Данбасе?


Украінска-літоўска-польская вайсковая брыгада мела быць створаная яшчэ ў 2011 годзе. Але ў сувязі з тым, што Украіна адклала намер далучыцца да НАТО, праект быў замарожаны. Толькі сёлета краіны аднавілі супрацу. Першыя яе вынікі мы абмяркоўваем з украінскім вайсковым экспертам Ігарам Казіем.

– Ці няма ў гэтых дамоўленасцях пэўнай юрыдычнай калізіі, калі ўлічваць, што супольную вайсковую брыгаду ствараюць дзве краіны НАТО – Польшча і Літва, і Украіна, якая дагэтуль яшчэ не вызначылася са сваім статусам у гэтай арганізацыі?

– Шчыра вам скажу – я не бачу тут ніводнай калізіі. Па-першае, гэта не дагавор паміж НАТО і Украінай. Гэта дамова паміж трыма суверэннымі дзяржавамі, якія вырашылі аб’яднаць свае намаганні ў сферы правядзення міратворчых аперацыяў і дасягнення пэўных вайсковых стандартаў. Звяртаю ўвагу на тое, што дзейнасць падраздзялення будзе базавацца толькі на рэзалюцыях Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Таму, калі мы возьмем ААН як асноўную, вызначальную структуру, што аб’ядноўвае ўсе нашыя краіны, тут ніякай калізіі няма. А калі спрабаваць разглядаць гэтае пытанне з гледзішча прыналежнасці краінаў да пэўных арганізацыяў, то іх можна налічыць значна больш, чым адзін Паўночна-Атлантычны альянс. Таму тут трэба звяртаць увагу менавіта на міратворчы, гуманітарны складнік, які ўсе гэтыя краіны хочуць забяспечваць пад эгідаю Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў.

– Але імаверна, што аднаўленне гэтага праекту адбылося пад уплывам такіх фактараў, як анексія Крыму, вайна на Данбасе. Ці магчымае выкарыстанне гэтага супольнага батальёну ў якасці міратворчага кантынгенту якраз на ўсходзе Украіны?

– Што датычыць выкарыстання гэтага падраздзялення на ўсходзе краіны, то я б сказаў, што хутчэй не будзе выкарыстоўвацца, бо ёсць пэўныя крытэрыі, пэўныя патрабаванні Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў да ўдзельнікаў пры стварэнні той ці іншай міратворчай місіі. Таму, на мой погляд, нельга такім чынам разглядаць гэтае пытанне. Адназначна, што можна сказаць адносна супольных дзеянняў і агульных магчымасцяў, то гэтае падраздзяленне будзе вывучаць досвед, вучыцца ўзаемнай сумяшчальнасці, то бок уменню кіраваць, ствараць такія ўмовы, пры якіх вайскоўцы розных нацыянальнасцяў змаглі б супрацоўнічаць, выконваць супольныя задачы, якія на іх будуць ускладзеныя. Менавіта так, яшчэ раз падкрэслю – міратворчыя і гуманітарныя задачы пад эгідай Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў.

– Ці існуе рызыка, што стварэнне батальёну зноў будзе адкладзенае, хто будзе фінансаваць гэты праект? І калі тэарэтычна, ці можа ён быць выкарыстаны супраць трэцяй краіны, напрыклад, супраць Беларусі, якая мяжуе з Украінаю, Літвою і Польшчаю? Або наадварот – ці можна разлічваць на тое, што Беларусь таксама будзе далучаная да гэтага праекту?

– Засцярогі адносна выкарыстання гэтага падраздзялення супраць Беларусі – лішнія. Гэта нонсенс. Паверце мне, яны абсалютна не адпавядаюць рэчаіснасці. Я не думаю, што Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў будзе прымаць адпаведнае рашэнне пра прыцягненне гэтага падраздзялення супраць Беларусі. Хутчэй за ўсё, Рэспубліка Беларусь не будзе ствараць ніякіх гуманітарных або іншых катастрофаў, на што я спадзяюся. Што датычыць далучэння Беларусі да гэтага фармату супрацы – пытанне заўсёды застаецца адкрытым. Чаму б і не?

Калі Беларусь лічыць, што яна гатовая паводле сваіх пэўных унутраных палітычных, вайсковых ды іншых перакананняў супрацоўнічаць з Польшчай, Літвой і Украінай у межах гэтага падраздзялення, то я думаю, гэты механізм можа быць разгледжаны ў адпаведных дзяржавах, і Беларусь рана ці позна можа зрабіцца ўдзельніцай гэтага працэсу.

Гутарыла Алена Літвінава, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары