Украінец прыйшоў у СБУ і прызнаўся, што яго завербаваў КДБ


Украінец, які 11 гадоў жыў у Беларусі, па вяртанні ва Украіну прызнаўся супрацоўнікам СБУ, што яго завербаваў Камітэт дзяржбяспекі Беларусі.

Паводле рашэння Рэпкінскага раённага суду Чарнігаўскай вобласці ад 4 студзеня 2018 года, дзякуючы добраахвотнаму прызнанню, грамадзянін Украіны вызвалены ад крымінальнай адказнасці ў справе пра дзяржаўную здраду (арт.11 КК Украіны).

Дакумент (рашэнне суду) знаходзіцца ў адкрытым доступе на сайце Адзінага дзяржаўнага рэестру судовых рашэнняў. На яго звярнула ўвагу беларуская служба Радыё Свабода.

скрыншот дакумента з сайту reyestr.court.gov.ua, які дасяжны на тэрыторыі Украіны

У дакуменце адзначаецца, што ўкраінец на працягу 2006-2017 гадоў стала пражываў разам з жонкай у сяле Стрэлічава Хойніцкага раёну Гомельскай вобласці. У чэрвені 2017 беларускія ўлады пазбавілі яго віду на жыхарства, і ён вымушана вярнуўся да бацькоў у паселішча Рэпкі Чарнігаўскай вобласці. Пры гэтым ён працягваў перыядычна наведваць жонку ў Беларусі і там жа запраўляць аўта.

У ліпені 2017 года падчас чарговай паездкі ў Беларусь у памежным пункце пропуску «Новая Гута» пад пагрозай дэпартацыі і забароны ўезду на беларускую тэрыторыю супрацоўнік КДБ Беларусі прапанаваў украінцу супрацу, і ён пагадзіўся, падпісаўшы адпаведныя канфідэнцыйныя дакументы. Украінец мусіў атрымліваць заданні і перадаваць сабраную інфармацыю ў Беларусь падчас асабістых сустрэч з супрацоўнікам КДБ у «Новай Гуце».

Сярод патэнцыйных заданняў быў збор выведвальнай інфармацыі аб аўтамабільным транспарце і асабістым складзе Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны і праваахоўных органаў Украіны, што знаходзяцца каля мяжы з Беларуссю, а таксама інфармацыі пра мясцовых жыхароў, якія бралі ўдзел у правядзенні АТА на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей.

У кастрычніку 2017 года супраць украінца была распачатая крымінальная справа паводле часткі 1 артыкула 111 Крымінальнага кодэксу Украіны — дзяржаўная здрада. Гэтае злачынства караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 12 да 15 гадоў.

Аднак, паколькі ўкраінец добраахвотна звярнуўся да СБУ з заявай аб сваёй сувязі з прадстаўнікамі замежнай спецслужбы, а таксама следства не ўстанавіла шкоды, нанесенай ім дзяржаўным інтарэсам Украіны, то яго вызвалілі ад крымінальнай адказнасці.

***

KA, belsat.eu.

Глядзі таксама
Каментары