Украіне прадказваюць дэфолт у сярэдзіне ліпеня. Як гэта адаб’ецца на ўкраінскай эканоміцы?


Урад Украіны прагназуе рост нацыянальнай эканомікі ўжо ў наступным годзе, а міжнародныя арганізацыі – дэфолт у сярэдзіне ліпеня. Перспектывы развіцця ўкраінскай эканомікі «Белсат» абмеркаваў з Ігарам Буракоўскім – кіраўніком Інстытуту эканамічных даследаванняў і палітычных кансультацыяў.

– Вітаю, спадар Ігар. Скажыце, калі ласка, на ваш паглядзі, гэта аптымістычны ці песімістычны сцэнар развіцця падзеяў ва Украіне?

– Эканамічны крызіс 2015 года як мінімум аказаўся больш жорсткім і больш вострым, чым гэта планавалася яшчэ год таму. І натуральна ў гэтай сітуацыі мы можам казаць пра дзве асноўныя тэндэнцыі. Першая тэндэнцыя – гэта крызіс і выхад на траекторыю эканамічнага росту. Мне здаецца, што пры іншых роўных умовах мы, напэўна, ужо дасягнулі таго, што называецца дно, і ўжо чыста па эканамічных законах ад гэтага дна будзем неяк адштурхоўвацца. Іншае пытанне: калі гэта адбудзецца, і наколькі будзе адчувальны эканамічны рост. Калі мы дасягнем эканамічнага росту ў 2016 годзе на ўзроўні 1-1,5 %, гэта пазітыўная тэндэнцыя, але гэтага мала для таго, каб вырашыць нашы эканамічныя праблемы. Што датычыць песімістычнага сцэнарыя, які сёння абмяркоўваецца і які звязаны з магчымым дэфолтам Украіны, то на сённяшні дзень украінскі вонкавы доўг – дзяржаўны доўг складае крыху больш за $ 40 млрд. Украінскі ўрад падрыхтаваў пакет прапаноў прыватным інвестарам на суму прыкладна $ 17-18 млрд з тым, каб рэструктурызаваць гэтыя даўгі. Мы не адмаўляемся плаціць грошы. Мы просім перанесці абслугоўванне доўгу і выплату працэнтаў на больш позні тэрмін. Я думаю, што ў канчатковым выніку ўсё ж такі нашыя контрагенты пагодзяцца на рэструктурызацыю доўгу, бо ў канчатковым выніку мы ўсе знаходзімся ў адной лодцы і, акрамя таго, я хацеў бы сказаць пра тое, што мы сёння гаворым аб магчымым тэхнічным дэфолце па адносна невялікай, але ўсё ж па частцы ўкраінскага вонкавага доўгу. І ў гэтым плане наша сітуацыя, як мне здаецца, істотна адрозніваецца ад таго, што мы сёння назіраем у Грэцыі.

– У выпадку аб’явы дэфолту, якія крокі мусяць прыняць урад, каб не дазволіць сысці інвестарам з украінскага рынку, каб не дапусціць сацыяльнага калапсу і каб дапамагчы экспарцёрам, бо гэта таксама адабецца і на вонкавым гандлі Украіны?

– Тут сітуацыя досыць складаная і досыць неадназначная. Калі мы абвяшчаем дэфолт, то гэта азначае, што практычна тыя грошы, якія мы мусілі дастаць або з золатавалютных рэзерваў ці з нейкіх іншых крыніц, яны застаюцца ў краіне. Таму ў гэтым плане мы можам казаць, што дэфолт у нейкім сэнсе ў прынцыпе паляпшае фінансава-эканамічнае становішча краіны. З іншага боку, мы выдатна разумеем, што дэфолт заўсёды негатыўна адбіваецца і на прадпрыемствах, таму што тым прадпрыемствам, якія жывуць у краіне дэфолту і спрабуюць атрымаць грошы на вонкавым рынку, зрабіць гэта досыць складана. Але з іншага боку, тут ёсць яшчэ адзін такі важны нюанс, бо мы ў дадзеным выпадку зноў-такі гаворым пра дэфолт, на які ідзе менавіта дзяржава па сваіх абавязальніцтвах. Таму ў гэтым плане не будуць закранутыя наўпрост інтарэсы, скажам, банкаў, якія працуюць у краіне, не будуць наўпрост закранутыя, скажам, тыя ж самыя валютныя дэпазіты, пра што сёння вядзецца досыць вострая дыскусія. Што датычыць, напрыклад, украінскіх інвестыцыйных рэйтынгаў, то, па вялікім рахунку, яны на сённяшні дзень дастаткова нізкія і, у прынцыпе, тыя людзі, якія ўжо хацелі сысці з украінскага рынку, яны ўжо сышлі. Таму, шчыра кажучы, чакаць новай хвалі панікі і сыходу інвестараў, напэўна, не прыходзіцца. Таму я б, шчыра кажучы, сёння не будаваў бы нейкіх такіх апакаліптычны сцэнарыяў, вось заўтра – дэфолт, а паслязаўтра паўнавартасны калапс. Сам дэфолт, факт дэфолту, ён у прынцыпе мала што, па вялікім рахунку, азначае для бягучай сітуацыі ў эканоміцы… Хоць зразумела – гэта непрыемна, хоць зразумела, што гэтага трэба пазбегнуць. Напрыклад, Аргенціна адмаўлялася абслугоўваць свае плацяжы больш за 10 разоў па розных напрамках, але пры гэтым усё роўна там знаходзяцца амерыканскія транснацыянальныя кампаніі, еўрапейскі бізнес. Зноў-такі, калі сёння ўважліва паглядзець на сітуацыю ў краіне, то ўласна ўкраінскай дзяржаве і праз дзяржаву ўкраінскай эканоміцы дапамагаюць не столькі прыватныя інвестары, колькі тыя грошы, якія мы атрымліваем ад міжнародных фінансавых арганізацыяў.

– Гісторыя дэманструе і не раз дэманстравала прыклады, калі вайна стымулявала рост эканомікі. Чаму ва Украіне гэтая тэорыя не спрацоўвае?

– Украінская дзяржава ўцягнулася ў вайну, ці была ўцягнутая ў вайну ў досыць слабым стане. Таму, напэўна, пакуль у сіле нашыя старыя праблемы – праблемы з тымі ж дзяржаўнымі закупкамі, з бюджэтам, праблемы з маштабнай карупцыяй, якая выкрываецца кожны дзень, але, у прынцыпе, краіна цяпер вырашае двайную задачу. З аднаго боку, мы ваюем, а вайна – гэта перадусім выдаткі. У нас сёння няма магчымасці, умоўна кажучы, аддзяліцца лініяй фронту ад кагосьці, развіваць астатнюю эканоміку краіны, а потым ісці туды. Нам адначасова трэба змагацца з эканамічным крызісам. Супадзенне двух фактараў – гэта сапраўды выпрабаванне для нашай краіны, і, напэўна, гэта выпрабаванне такога фармату і такіх маштабаў, з якімі, напэўна, не сутыкалася ніводная еўрапейская краіна ў працэсе еўрапейскай інтэграцыі.

Алена Літвінава, «Белсат», Кіеў

Глядзі таксама
Каментары