Украіна за крок ад зрыву адносінаў з Расеяй. Ці стане Беларусь пасярэдніцай?


У канфлікце паміж Кіевам і Масквой застаецца ўсё менш месца для дыпламатыі. Украіна можа стаць чарговай краінай постсавецкай прасторы, якая ўвогуле не будзе мець дыпламатычных стасункаў з Расеяй. Ужо на наступным тыдні Вярхоўная Рада назаве ўсходнюю суседку агрэсарам і акупантам. Які чарговы крок можа зрабіць Кіеў і якую ролю ў гэтым працэсе адводзіць Беларусі расейская прэса?

Дыскусія наконт прыпынення дыпламатычных стасункаў з Расеяй ува Украіне працягваецца ад анексіі Крыму. Тэма ізноў усплыла ў публічнай прасторы з нагоды гэтак званага закону аб «рэінтэграцыі Данбасу», галасаванне па якому ў Вярхоўнай Радзе адбудзецца на наступным тыдні.

«Сутнасць гэтага закону ў тым, што ён дакладна называе Расею агрэсарам і дакладна вызначае акупацыю тэрыторыяў, якія ў Данбасе знаходзяцца пад кантролем Расеі, і выразна прывязвае гэтую сітуацыю да міжнародных канвенцыяў», – кажа Міхаіл Самусь, намеснік дырэктара кіеўскага Цэнтру даследаванняў арміі, канверсіі і раззбраення.

Паўстае пытанне: як можна мець дыпламатычныя зносіны з краінай-агрэсарам? У сувязі з гэтым дэпутаты з партыі «Укроп» дамагаюцца, каб адначасова з прыняццем «закону аб рэінтэграцыі» Рада падтрымала зрыў дыпламатычных зносінаў з Расеяй.

«Пытанне разрыву дыпламатычных зносінаў з Расейскай Федэрацыяй саспела і пераспела. Я з’яўляюся адным з аўтараў папраўкі да закону «аб рэінтэграцыі». Мы павінны рэкамендаваць ураду зрабіць гэтыя крокі», – кажа Віталь Купрый, дэпутат Вярхоўнай Рады з партыіі «Укроп».

Калі ўрад або прэзідэнт Пётр Парашэнка вырашыліся б на такі крок, Украіна паўтарыла б лёс Грузіі, якая разарвала зносіны з Расеяй пасля вайны ў 2008-м. З таго часу кантакты паміж Масквой і Тбілісі адбываюцца праз Швейцарыю.

Крэмль прызнаў незалежнасць сепаратыстаў у Абхазіі ды Паўднёвай Асетыі і павялічыў там сваю прысутнасць, у першую чаргу вайсковую. Разлічваюцца там расейскім рублём, якім з федэральнага бюджэту Масква спансіруе самаабвешчаныя рэспублікі. Такі ж сцэнар спаткаў Украіну, якая ў 2014 страціла Крым і частку Данбасу.

«Ува ўмовах вайны – рэальнай вайны, а не антытэрарыстычнай аперацыі – мы не можам мець з Расеяй пагаднення аб сяброўстве і супрацы, якое да сённяшняга дня не дэнансаванае», – дадае Віталь Купрый.

Зносіны яшчэ больш пагоршацца, калі з наступнага году грамадзяне Расеі, каб паехаць ва Украіну, будуць вымушаныя рабіць біяметрыячныя пашпарты і запаўняць загадзя анкету на сайце СБУ.

Але не ўсе Кіеве пагаджаюцца з тым, што поўны разрыў кантактаў з Масквой будзе карысны для краіны. Дыпламатыя і так не працуе. Расея адазвала свайго амбасадара з Украіны яшчэ ў 2014-м, Украіна гэта зрабіла ў 2015-м, падчас самых гарачых баёў у Данбасе.

«Мірнае ўрэгуляванне на ўсходзе Украіны патрабуе кантактаў. Ёсць «нармадскі фармат», які прадугледжвае ўдзел прадстаўнікоў РФ. Ёсць пытанні звязаныя з абаронай правоў украінскіх грамадзянаў, якія жывуць на тэрыторыі РФ. Тут трэба падыходзіць прагматычна: што канкрэтна гэта нам дасць? Ці дасць гэта нейкія іншыя перавагі? Я не бачу канкрэтных перавагаў пасля чатырох гадоў агрэсіі, калі мы не разарвалі дыпламатычных стасункаў яшчэ раней», – заяўляе Ганна Губко, кіраўнік замежнай камісіі Вярхоўнай Рады Украіны.

Калі б дыпламатычныя адносіны паміж Украінай і Расеяй прыпыніліся, дзяржавы павінныя будуць вызначыцца, хто будзе пасярэднікам у іх кантактах.

Уплывовая расейскага газета «КоммерсантЪ» піша, што пасярэднікам можа быць тая ж Швейцарыя або Беларусь, дзе ўжо больш за тры гады праходзяць перамовы кантактнай групы па ўрэгуляванні канфлікту ў Данбасе. Але ў такім выпадку Беларусі прыйшлося б бараніць інтарэсы 38 украінскіх палітвязняў у Расеі.

«Тут будзе шмат нагрузкі тэхнічнай і арганізацыйнай. Ізноў пытанне – ці Беларусь гатовая да гэтага і ці дастаткова там нашага персаналу. Усё ж такі нашыя рэсурсы абмежаваныя – і фінансавыя, і дыпламатычныя. Наўрадці Расія захоча падвышаць статус Менску, надаючы яму статус такога прадстаўніка», – лічыць Андрэй Паротнікаў, кіраўнік аналітычнага праекту Belarus Security Blog.

Хутчэй за ўсё не захоча і Украіна: стасункі паміж Кіевам і Менскам апошнім часам змяніліся.

«Сітуацыя мяняецца ў горшы бок. Пасля выпадку з грамадзянінам Украіны Паўлам Грыбам, калі яго скралі расейскія спецслужбы на тэрыторыі Беларусі, Менск не здолеў гэтага патлумачыць і выступіць з уласнай пазіцыяй у гэтай сітуацыі, – кажа Міхаіл Самусь. – Украіна наўрадці будзе падтрымліваць ідэю каб Беларусь была пасярэднікам».

У Кіеве неафіцыяна кажуць, што Захад выступае супраць разрыву украінска-расейскіх зносінаў. Але ці выпадае казаць пра дыпламатыю, калі тры гады запар у Маскве ўкраінскае кіраўніцтва называць «хунтай», Менскія дамоўленасці не працуюць, а Крым усцяж знаходзіцца пад расейскім сцягам?

Сюжэт выйшаў у выданні «ПраСвету» 10 лістапада 2017 года

Іншыя тэмы праграмы:

  • «Лукашэнка – не марыянетка». Інтэрв’ю з Майклам Карпэнтэрам, былым дарадцам віцэ-прэзідэнта ЗША Джо Байдэна і намеснікам асістэнта міністра абароны.
  • Газавы яблык разладу. «Паўночная плынь – 2». Якія рэальныя мэты новага газапраекту?
  • Чаго Украіна дасягнула на еўрапейскім шляху і якія сустрэла праблемы? Інтэрв’ю з кіраўнічкаю замежнай камісіі Вярхоўнай Рады Украіны Ганнай Губко.
  • Трамп у Азіі. Ад праблемаў, за Ціхі Акіян
Стужка навінаў