Украіна з газам


Апошні (прынамсі да наступнай вясны) раўнд газавых перамоваў паміж Украінай і Расеяй пры пасярэдніцтве Еўрапейскай камісіі цягнуўся два поўныя дні і адну ноч. Фактычна рэкорд для Бруселю, бо ўначы тут звычайна не застаюцца на паседжанні! Выніковая прэс-канферэнцыя пачалася ў еўрапейскай сталіцы, калі горад ужо спаў.

І вынік: расейскі газ для Украіны да канца года – $378 за тысячу кубаметраў, а потым – да канца сакавіка за $365. Пратакол, які падпісалі міністры энергетыкі дзвюх краінаў Юрый Продан і Аляксандр Новак, а таксама еўракамісар Гюнтэр Этынгер, мае забяспечыць Украіну газам на гэтую восень і хуткую зіму, ён будзе дзеяць да 31-га сакавіка наступнага года.

Прэзідэнт Еўракамісіі Жузэ Мануэл Барозу, адзначыўшы, што «зімою ў Еўропе ніхто не мусіць мерзнуць», не хаваў сваёй задаволенасці.

Жузэ Мануэл Барозу, прэзідэнт Еўракамісіі:

«З моцным падтрыманнем Еўрапейскай камісіі, Украіна і Расея знайшлі-такі згоду ў нявырашаных пытаннях адносна даўгоў за энергію і прамежкавае рашэнне, якое дазваляе працягнУць пастаўкі газу на гэтую зіму».

Згодна з дамоўленасцямі, расейскі “Газпром” адновіць пастаўкі прыроднага газу ва Украіну пасля таго, як кампаніі пералічаць запазычанасць памерам $1,45 млрд і зробяць перадаплату за будучыя пастаўкі.

Юрый Продан, міністр энергетыкі Украіны:

«Гэтае рашэнне, якое мы прынялі сёння, гарантуе не толькі энергетычную бяспеку Украіны, але і таксама – падачу газу ў кірунку Еўрапейскага звязу”.

Дарэчы, Еўразвяз у брусельскіх перамовах згуляў ролю пасярэдніка і фінансавага гаранта. Як адзначыў еўракамісар Этынгер, Украіна атрымае неабходныя сродкі ад Еўразвязу і МВФ і зможа пагасіць свае газавыя пазыкі. Першая частка доўгу будзе выплачаная “Газпрому” неадкладна, другая – $1,65 млрд – да канца года. Міністр энергетыкі Расеі Аляксандр Новак паабяцаў, што ўрад РФ у бліжэйшыя дні прыме дакумент аб зніжцы для Украіны – $100 за тысячу кубаметраў газу.

Аляксандр Новак, міністр энергетыкі Расеі:

«Гэта наш унёсак у кампраміс, каб стабілізаваць сітуацыю ва Украіне, каб зрабіць восеньска-зімовы перыяд бяспечным, і каб пастаўкі еўрапейскім спажыўцам былі таксама стабільныя».

Тым не менш, Украіна, як сцвярджаюць яе чыноўнікі, не мае намеру адклікаць свой пазоў супраць расейскага “Газпрому” з Стакгольмскага арбітражу, які ўкраінская кампанія “Нафтагаз” падала, патрабуючы прызначыць “справядлівы кошт на расейскі газ”, а таксама прэтэндуючы на кампенсацыю $6 млрд, якія на думку ўкраінскага боку, Кіеў пераплаціў за гэты газ з 2010 года.

Ды і ў самой Украіне, падобна, не зусім вераць у добры і пакладзісты нораў “расейскага мядзведзя” і не спяшаюцца крычаць “А у нас в квартире газ!”. Прэм’ер-міністр-Арсеній Яцэнюк, рэагуючы на сённяшнія навіны з Бруселю, адзначыў, што “калі Расея парушыць парадак коштаўтварэння і зноў паспрабуе выставіць кошт $500, як гэта было раней”, афіцыйны Кіеў зноў звернецца па падтрымку да Еўракамісіі.

Алесь Сіліч, “Белсат”, Брусель

Стужка навінаў