Украіна выслала першага сакратара амбасады Беларусі ў адказ на «справу шпіёнаў»

video

МЗС Украіны. Фота - РБК-Украина

Міністэрства замежных справаў Украіны ў адказ на аб’яву Беларуссю ўкраінскага дыпламата Ігара Скварцова персонай нон грата выслала з Украіны супрацоўніка амбасады Беларусі ў Кіеве.

«У сувязі з інфармацыяй беларускага боку аб аб’яўленні персонай нон грата супрацоўніка амбасады Украіны ў Беларусі хацелі б адзначыць, што ўкраінскі бок на аснове прынцыпу ўзаемнасці таксама выслаў беларускага дыпламата з Украіны», – сказала УНІАН прэс-сакратар МЗС Мар’яна Беца.

Пазней у каментары выданню «Украінская праўда» Беца распавяла, што высланы дыпламат – першы сакратар амбасады Беларусі ва Украіне.

Паводле слоў прэс-сакратара МЗС, гэтая асоба ўжо пакінула тэрыторыю Украіны.

Нагадаем, 25 кастрычніка ў Менску спецслужбы затрымалі карэспандэнта «Украінскага Радыё» Паўла Шаройка. Паводле КДБ, Шаройка стварыў у Беларусі «агентурную сетку з грамадзян Беларусі, якія за грашовую ўзнагароду выконвалі ягоныя заданні па зборы звестак выведвальнага характару ў ваенна-палітычнай сферы». Працу Шаройкі ў Беларусі, паводле заявы КДБ, каардынаваў супрацоўнік ГУР МА Украіны Ігар Скварцоў, які «дзейнічаў пад прыкрыццем саветніка амбасады Украіны ў Беларусі». Скварцоў быў аб’яўлена пэрсонай нон грата і высланы з Беларусі.

Афіцыйны Кіеў адмаўляе датычнасць Скварцова і Шаройкі да выведвальнай дзейнасці і лічыць абвінавачванні безпадстаўнымі.

 

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары