Украіна вывезла Саакашвілі ў Польшчу. «Чартэрным рэйсам на самалёце Парашэнкі» – дэпутат


Дзяржаўная памежная служба Украіны паведаміла, што Міхэіла Саакашвілі з захаваннем «усіх юрыдычных фармальнасцяў вярнулі ў краіну, адкуль ён прыбыў [Польшча. – Заўв. Belsat.eu], парушаючы ўкраінскае заканадаўства».

Наўпроставая трансляцыя ўкраінскай службы Радыё Свабода з аэрапорту Барыспаль (недалёка ад Кіева).

12 лютага супрацоўнікі спецназа уварваліся ў рэстаран «Сулугуні», у якім абедаў Саакашвілі, павалілі палітыка на падлогу, а потым павезлі ў невядомым кірунку.

«Гэта называецца рэадмісія – вяртанне нелегала ў краіну, адкуль ён нелегальна прыбыў», – цытуе ўкраінскі тэлеканал ТСН высокапастаўленую крыніцу з праваахоўных органаў.

«Саакашвілі вывезлі ў Польшчу чартарным рэйсам, які выканаў самалёт Beechcraft Premier I, бартавы нумар UR-USA. Уладальнікам гэтага самалёта з’яўляецца афшорная кампанія Sky Center Holding Corp., якая належыць (барабанная дроб) Пятру Аляксеевічу Парашэнка», – паведаміў дэпутат Ігар Луцэнка ў сваім «Facebookʼу».

Відэа затрымання Саакашвілі

У ліпені 2017 года прэзідэнт Пётр Парашэнка пазбавіў Саакашвілі ўкраінскага грамадзянства, бо ў 2015 годзе Саакашвілі нібыта ўказаў недакладную інфармацыю ў заяве на атрыманне грамадзянства і не паведаміў аб судзімасці.

Саакашвілі таксама пазбаўлены грамадзянства Грузіі. Родная краіна патрабуе экстрадыцыі экс-прэзідэнта.

У Грузіі суд завочна прысудзіў Саакашвілі да 3 гадоў турэмнага зняволення па абвінавачванні ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў