Украіна выпрабоўвае для сваёй арміі «амерыканскую» вінтоўку пад савецкі патрон


Украінскія жаўнеры могуць узброіцца аўтаматамі амерыканскай канструкцыі, якія будуць страляць патронамі «ад Калашнікава». Канцэрн Украбаронпрам паказаў на палігоне аўтаматычны карабін WAC-47 – сабраны па прыкладзе амерыканскай вінтоўкі М16 узор зброі пад савецкія патроны калібра 7,62х39 міліметраў. 
Цяпер украінскія вайскоўцы амаль цалкам узброеныя аўтаматамі АК розных версій – калібраў 5,45х39 і 7,62х39 мм.
Аднак WAC-47 не першая аўтаматычная вінтоўка замежнай канструкцыі ў руках абаронцаў Украіны – сілы спецыяльных аперацый Украіны ўжо атрымалі вінтоўкі Форт-221 – ліцензійную версію ізраільскага аўтамата IWI Tavor.
Украінскі дабраахвотнік з аўтаматам Форт-221. Кадр з відэа AZOV media.
Што новага?
Новая вінтоўка атрымала рысы, якіх няма ў «Калашнікава», аднак стандартныя для заходняй баявой зброі. Гэта, напрыклад, так званая «планка Пікаціні», якая дазваляе хутка і надзейна мацаваць на аўтамат практычна любыя віды прыцэлаў ці тактычных ліхтароў.
Таксама вінтоўка мае стандартны для заходніх узораў армейскай зброі тэлескапічны прыклад, што дазваляе рэгуляваць даўжыню прыклада так, як зручна карыстальніку.

Вінтоўка будзе вырабляцца ў Украіне, магчыма, з выкарыстаннем амерыканскіх камплектуючых.
«Вытворчасць WAC-47 у Украіне з’яўляецца рэальным крокам нашай арміі да еўраатлантычных структур», – паведаміла прэс-служба Украбаронпраму. Украіна збіраецца перайсці на вайсковыя стандарты NATO да 2020 году.
У ўкраінскіх зброяроў атрымалася вінтоўка даўжынёй каля 80 см (у залежнасці ад даўжыні прыкладу), якая важыць 3,1 кг, то бок прыкладна на 700 грамаў меней, чым АК-47 апошніх мадыфікацый.
WAC-47. Фота – сайт Нацыянальнай гвардыі Украіны.
Паслужыць разам з NATO
Модульны характар амерыканскай канструкцыі дазваляе хутка мяняць рулю аднаго калібра на іншую. Гэтак, напрыклад, вінтоўка савецкага калібра 7,62х39 мм можа меньш чым за хвіліну пераўтварыцца ў вінтоўку калібра 5,56х45 мм, які выкарыстоўваецца арміямі НАТО.
У сувязі з гэтым вінтоўка можа стаць асноўнай для ўкраінскіх байцоў Літоўска-польска-украінскай брыгады – бо яны могуць адправіцца служыць побач з вайскоўцамі, якія выкарыстоўваюць стандартныя баепрыпасы NATO.
Верагодна, у WAC-47 могуць выкарыстоўвацца як магазіны ад «Калашнікавых», гэтак і стандартныя магазіны НАТО.
WAC-47. Фота Dylan Malyasov.
Першая партыя новых аўтаматычных вінтовак ужо гатовая для выпрабаванняў, адзначаецца ў паведамленні Нацыянальнай гвардыі Украіны
Магчыма, Украіна цалкам перойдзе на аўтаматы калібраў НАТО яшчэ і таму, што зараз яна не мае ўласнай вытворчасці савецкіх аўтаматных патронаў. У каталогу прадукцыі Украбаронпраму на 2016-2017 год ёсць снарады і ракеты, але няма патронаў для стралковай зброі.
Спадчына вайны ў В’етнаме
Калі вінтоўка будзе прынятая на ўзбраенне, украінская армія атрымае аналаг сучаснай амерыканскай вінтоўкі М4 – мадэрнізаванага і скарочанага варыянту вядомай з часоў вайны ў В’етнаме вінтоўкі М16.
М16, прынятая на ўзбраенне ў 1963 годзе,  была рэвалюцыйнай зброяй для свайго часу. Вінтоўка выкарыстоўвала вельмі шмат пластыку, у сувязі з чым была даволі лёгкай, мела наватарскі дызайн з ручкай-прыцэлам, была вельмі стабільнай пры стральбе, выкарыстоўвала новы патрон 5,56х45 мм – СССР пачне ўзбройвацца сваімі аўтаматамі зменшанага калібру 5,45х39 мм толькі з сярэдзіны 1970-х гадоў.
З М16 у В’етнаме ваявалі не толькі амерыканскія, але і іхныя хаўруснікі – жаўнеры Рэспублікі В’етнам. Фота wikipedia.org.
Першыя варыянты М16 мелі праблемы з надзейнасцю працы, аднак яшчэ ў 1960-х хібы былі выпраўленыя.
Раней М16 у варыянце пад савецкі калібр 7,62х39 ужо выпускалася – у 1990я кампанія Colt Defense LLC, першы вытворца М16, распрацаваў такую грамадзянскую версію вінтоўкі.
Рэдкая М16 пад савецкі патрон. Фота www.gunsamerica.com.
Аляксандр Гелагаеў
Стужка навінаў