Украіна спісала запазычанасць перад Расеяй


Расея рыхтуе «рынкавы» спосаб развязання палітычнай праблемы ўкраінскага доўгу, піша finclub.net, са спасылкай на ўласныя крыніцы.

29 кастрычніка скончыўся тэрмін ультыматуму, выстаўленага Украінай Расеі, па ўзгадненні рэструктурызацыі трохмільярднага крэдыту, які выдалі Кіеву ў час кіравання экс-прэзідэнта Віктара Януковіча. Украіна прапанавала рэструктурызацыю крэдыту пры ўдзеле прыватных крэдытораў.

«Знешэканамбанк» вядзе перамовы з урадам Расеі, каб узяць доўг Украіны на сябе і потым гэтыя паперы ўкласці ў капітал «Прамінвестбанку» (ПІБ). Вядома, потым ПІБ усё роўна прадявіць паперы ўкраінскаму Мінфіну для пагашэння, але гэта будзе потым», – распавяла finclub.net крыніца з украінскага банку.

Масква не пагаджаецца на ўдзел прыватных фінансавых інстытутаў, паколькі крэдыт, які атрымала Украіна, дзяржаўны, а не прыватны.

27 кастрычніка прэм’ер-міністр Арсень Яцэнюк заявіў, што Украіна не збіраецца пагашаць дзярждоўг перад Расеяй, калі тая не пагодзіцца на рэструктурызацыю.

У крэдытнай вайне з Масквой Кіеву дапамагае МВФ, які дэкларуе гатовасць выдаваць крэдыты нягледзячы на дэфолт Украіны ў запазычанасці перад Расеяй.

Міністэрства фінансаў Украіны ўвечары 29 кастрычніка абвесціла аб завяршэнні рэструктурызацыі вонкавага доўгу Украіны, умовы рэструктурызацыі былі вызначаныя для 13 серыяў непагашаных дзяржаўных і гарантаваных дзяржавай еўрааблігацыяў, але не для «серыі аблігацыяў вонкавага дзяржзайму ў памеры $ 3 млрд долараў, тэрмін пагашэння якіх надыходзіць у снежні 2015-га». У Міністэрстве фінансаў Украіны таксама адзначылі, што завяршэнне працэдуры абмену аблігацыяў азначае рэструктурызацыю вонкавага доўгу Украіны ў памеры $ 15 млрд і зніжэнне сумы доўгу на 20 % ($ 3 млрд).

ЮВ, belsat.eu, паводле hubs.ua

Стужка навінаў