Украіна разглядае пытанне візаў з Расеяй


Сакратар украінскай Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Аляксандр Турчынаў выказаў надзею, што даручэнне ўраду ўвесці візавы рэжым з Расеяй будзе выканана ў пачатку 2016 года.

У інтэрв’ю ўкраінскім журналістам Аляксандр Турчынаў выказаў думку пра пераход на новую форму памежнага кантролю:

«Я перакананы, у новым годзе мы павінны ўвесці рэальны і досыць жорсткі візавы кантроль, візавы рэжым з РФ».

Кіраўнік Рады бяспекі нагадаў, што міністэрству замежных спраў краіны было даручана ўвесці візавы рэжым з Расеяй яшчэ ў 2014 годзе.

«Ужо першы этап гэтай задачы рэалізаваны. Вы ведаеце, на тэрыторыю Украіны грамадзянін Расеі можа патрапіць толькі па замежным пашпарце», – сказаў Турчынаў.

На пытанне, чаму візавы рэжым не ўведзены дагэтуль, Турчынаў адказаў, што ў Расеі цяпер знаходзіцца вялікая колькасць украінцаў і што ў выпадку ўвядзення візавага рэжыму «адразу будуць сінхронныя дзеянні з расейскага боку». Паводле Турчынава, менавіта гэта і стрымлівае пакуль Украіну.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў