Украіна распавяла пра просьбу «вядомага апазіцыйнага пісьменніка» з Расеі даць яму палітычны прытулак


Памежная служба Украіны паведаміла, што 21 жніўня грамадзянін Расеі папрасіў статус бежанца ў сувязі палітычным пераследам на радзіме.

«Расеец зʼяўляецца вядомым пісьменнікам і грамадскім дзеячам, які займаўся актыўнай пратэставай дзейнасцю ў адносінах да дзейснага ў РФ палітычнаму рэжыму», – гаворыцца ў паведамленні ведамства.

Імя гэтага чалавека не называецца. У памежнай службе ўдакладнілі, што ён звярнуўся да памежнікаў пры праходжанні кантролю на КПП «Новыя Ярылавічы» ў Чарнігаўскай вобласці. Гэты пункт знаходзіцца на мяжы Украіны і Беларусі.

Прадстаўнік ведамства Алег Слабадзян паведаміў «Дождю», што міграцыйная служба пагадзілася даць расейцу палітычны прытулак. Ягонае імя ён назваць адмовіўся.

Паводле звестак «Новой газеты», прытулак папрасіў актывіст Раман Рослаўцаў. Ён вядомы як удзельнік шпацыраў па Маскве ў масцы, якая паказвае прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, і з плакатам «Не баюся 212,1» (гэты артыкул дазваляе саджаць на тэрмін да 5 гадоў за неаднаразовае парушэнне правілаў правядзення мітынгу, паводле гэтага артыкулу быў асуджаны актывіст Ільдар Дадзін).

Рослаўцава як мінімум тройчы затрымлівалі за ўдзел у шпацырах у масцы Пуціна. Пасля затрымання ў чэрвені 2016-га года ён быў арыштаваны на 30 содняў. Пазней, калі ў Маскоўскім гарадскім судзе разглядалі апеляцыю на ягоны арышт, Рослаўцаў збег з будынку і схаваўся ў кватэры свайго знаёмага, аднак раніцой здаўся паліцыі.

Пра тое, што менавіта Раман Рослаўцаў папрасіў палітычнага прытулку ва Украіне, паведамляе таксама «Громадське Телебачення» са спасылкай на самога актывіста.

«Прычына, чаму я вырашыў прасіць прытулку ва Украіне – немагчымасць працягваць пратэставую дзейнасць у Расеі. Каля майго дому ў Маскве дзяжурылі работнікі ФСБ, таму ніякіх рэчаў я з сабой не браў, прыехаў сюды без нічога», – сказаў ён у каментары «Громадському Телебаченню».

МЯ, паводле meduza.io, novayagazeta.ru, tvrain.ru, hromadske.ua

Стужка навінаў