Украіна–Расея. Хто выйграе ў вайне спецслужбаў?

video

Галоўная навіна на ўсіх расейскіх каналах – украінскія дыверсанты меліся ўзарваць, паводле розных версіяў, ці то штаб чарнаморскага флоту, ці то сістэмы энергазабеспячэння паўвостраву. У СБУ неадкладна адхрысціліся ад затрыманых, заявіўшы, што гэта звычайныя грамадзяне Украіны, якія сталі чарговымі закладнікамі Масквы.

«Ім патрэбныя нашыя дыверсанты, якіх яны б затрымлівалі на сваёй тэрыторыі, а Крым яны лічаць сваёй тэрыторыяй, каб паказаць Украіну як дзяржаву, якая гатовая выкарыстоўваць нават тэрарыстычныя захады», – заўважыў кіраўнік абʼяднання ўдзельнікаў АТА «Справядлівасць» Тарас Кастанчук.

Пры гэтым былы камандзір штурмавой групы батальёну «Данбас» нагадвае, што большая частка цывілізаванага свету лічыць Крым тэрыторыяй Украіны. А таму, калі б гэтыя людзі і былі прадстаўнікамі ўкраінскіх спецслужбаў, то дзейнічалі б на ўласнай тэрыторыі. Паводле былога палкоўніка ФСБ Міхаіла Трэпашкіна, дыверсіі на тэрыторыі паўвостраву проста не патрэбныя Кіеву.

«У нас, на жаль, апошнім часам вельмі любяць нават прадстаўнікі спецслужбаў – раздзьмуць з мухі слана і атрымаць узнагароду. Таму і тут вось гэтая тэма ўкраінскіх дыверсантаў, я лічу, занадта раздзьмутая і мэты Украіны ў гэтым я не бачу, бо гэта будзе перашкаджаць рашэнню юрыдычнага пытання, што рана ці позна ўзнікне», – мяркуе палкоўнік ФСБ у адстаўцы Міхаіл Трэпашкін.

Маецца на ўвазе юрыдычная спрэчка пра прыналежнасць Крыму, у якой тэракты зусім не на руку Украіне. Ды літаральна на наступны дзень пасля затрымання «дыверсантаў» Служба бяспекі Украіны апублікавала відэа затрымання ўжо расейскіх агентаў – дваіх афіцэраў, што здрадзілі прысязе і перайшлі на расейскі бок пасля анексіі Крыму. Яшчэ раней на мінулым тыдні СБУ пахвалілася спецаперацыяй па вызваленні былога супрацоўніка ФСБ Іллі Багданава, які перайшоў на бок Кіева два гады таму.

«Вайна спецслужбаў увайшла ў вельмі вострую форму, іхныя – працуюць наўпрост: і ў Генштабе, і ў збройных сілах намагаюцца падкупіць, шантажаваць людзей. І нашыя спецслужбы сталі больш актыўна супрацьдзеяць і працаваць у Луганску, Данецку, у меншай ступені ў Крыме, каб нагадаць людзям, што гэта таксама Украіна», – адзначыў кіраўнік абʼяднання ўдзельнікаў АТА «Справядлівасць» Тарас Кастанчук.

Праўда, ягоны расейскі калега раіць не перабольшваць рэальнага значэння гучных спецаперацыяў як з аднаго, гэтак і з другога боку.

«Я не бачу супрацьстаяння спецслужбаў, я бачу перадусім тут інфармацыйную вайну. Калі паглядзець вось гэтыя апошнія затрыманні – як дзейнічаюць, ну дык гэта ж дзіцячы садок!» – падкрэсліў палкоўнік ФСБ у адстаўцы Міхаіл Трэпашкін.

А вось стаўленне да інфармацыйнай вайны стала сурʼёзным – прынамсі ў Бруселі. У сераду Еўрапарламент вызначыў расейскую ды ісламісцкую прапаганду і дэзынфармацыю як галоўныя пагрозы еўрапейскай бяспецы. Пастанова еўрапейскіх дэпутатаў пералічвае небяспечных расейскіх агентаў. Сярод іх фонды, якія прасоўваюць ідэі «русского мира», медыі, якія працуюць на замежных мовах кшталту каналу «Russia today» i агенцтва «Спутник». У Еўропе нават узгадалі пра інтэрнэт-троляў.

«Гэта кажа пра тое, што мы назіраем відавочную дэградацыю ў палітычным сэнсе гэтага слова ўяўлення аб дэмакратыі ў заходнім грамадстве. У дадзеным выпадку на ўзроўні Еўрапарламенту», – заявіў прэзідэнт Расейскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін.

Гэтак востра расейскі лідар адрэагаваў на рэзалюцыю, якая нічым не абавязвае еўрапейскія краіны. Толькі нагадвае, што следам за тролямі з сацыяльных сетак у рэальнае жыццё могуць прыйсці «зялёныя чалавечкі».

Матэрыял праграмы «ПраСвет», якая выходзіць на «Белсаце» ў пятніцы а 21:45. Іншыя тэмы апошняга выдання:

  • Чаму Менск з Масквой не могуць дамовіцца. Ці братняя любоў заканчваецца?
  • Нафта, грошы ды арміраваны тэкстыль. Шматвектарнасць Лукашэнкі як спосаб выжыць;
  • Ці братняя любоў паміж Беларуссю і Расеяй гэта ўжо міф ці яшчэ рэальнасць?
  • Нямеччына і Францыя – на парозе выбараў ды інш.

УШ, belsat.eu. Фота joinfo.ua

Глядзі таксама
Каментары