Украіна перастала быць галоўным «ворагам» у расейскіх медыях


Упершыню пасля перавароту ва Украіне ў 2013 годзе Украіна перастала быць галоўным ворагам Расеі ў падачы расейскіх медыяў. Яе месца ў канцы 2015 года заняла Турцыя, вынікае з дадзеных кампаніі «Медиалогия».

Кампанія «Медиалогия» вывучыла, як часта расейскія тэлеканалы, медыі і блогі ў 2015 годзе згадвалі Украіну, ЗША, Турцыю і «Ісламскую дзяржаву» ў варожым кантэксце.

Украіна была ворагам № 1

Цягам першых дзевяці месяцаў 2015 года ўпэўненае лідарства ў якасці пагрозы Расеі ўтрымлівала Украіна, ворагам нумар два былі ЗША. У сярэднім пра Украіну як ворага паведамлялася ў газетах, на тэлебачанні і ў блогах у паўтара раза часцей, чым пра ЗША.

Пры гэтым узровень варожасці ў адносінах да абедзвюх краінаў паступова зніжаўся цягам года.

Украінскія ўлады перасталі быць «хунтай»

Калі ў пачатку года на тэлебачанні выходзілі сюжэты, у якіх украінскія ўлады называліся «хунтай» (у сярэднім 20 раз у месяц), то да канца года гэта найменне было амаль забытае.

Украіна ў кантэксце «ворага» згадвалася ў сярэднім некалькі дзясяткаў разоў у месяц на тэлебачанні. Рэзкі ўсплёск варожасці ў адносінах да Украіны адбыўся ў красавіку: «ворагам» з тэлеэкранаў яе назвалі больш за 70 разоў. Рэзкі скачок непрымання Украіны і ЗША адбыўся на фоне парушэнняў менскіх пагадненняў, вучэнняў амерыканскіх дэсантнікаў ва Украіне і забойства ў Кіеве прарасейскага пісьменніка Алеся Бузіны.

У траўні, пасля першай за доўгі час сустрэчы Уладзіміра Пуціна з дзяржсакратаром ЗША Джонам Кэры, узровень варожасці да Украіны і ЗША знізіўся да ранейшага ўзроўню. Да канца года слова «вораг» у адносінах да Украіны згадвалася па некалькі разоў у месяц.

«Фашыстаў» ды «бандэраўцаў» стала меней

Расейскае тэлебачанне за год ні разу не назвала ўладаў Украіны «нелегітымнымі». У першым паўгоддзі кіраўніцтва Украіны з расейскіх тэлеэкранаў яшчэ называлі «самаабвешчаным», але да канца года і гэты эпітэт перастаў ужывацца. Зніжэнне рэзкай рыторыкі ў адносінах да ўкраінскага кіраўніцтва ідзе з 2014 года, пачаўшыся з выбараў Пятра Парашэнкі на прэзідэнцтва.

Амаль не ўжываліся словы «бандэраўцы» і «фашысты» ў адносінах да ўкраінцаў: з сотні згадак у пачатку года да 20 «фашыстаў» з тэлеэкранаў у канцы года.

Новы вораг – Турцыя

Пасля 24 лістапада, калі Турцыя збіла расейскі бамбавальнік Су-24, на федэральных каналах і ў расейскіх інтэрнаўтаў зʼявіўся новы вораг. Калі раней Турцыю ў кантэксце тэрарызму згадвалі прыкладна 20 разоў на тыдзень, то пасля 24 лістапада колькасць паведамленняў «Турцыя, тэрарызм» павялічылася да паўтары сотні. Пасля гэтай даты тэлебачанне ўпершыню пачатак называць Турцыю «спонсарам «Ісламскай дзяржавы».

Пасля збітага Су-24 на тэлебачанні і ў блогах пачалася актыўная кампанія, якая звязвала Турцыю з грашыма тэрарыстычнай арганізацыі: адразу некалькі тэлеканалаў паказалі сюжэты пра тое, што дзеянні Турцыі – гэта рэакцыя на тое, што да гэтага Расея знішчыла калону бензавозаў. Пасля гэтага Уладзімір Пуцін заявіў аб тым, што ў Расеі ёсць звесткі пра тое, што менавіта турэцкі бок спансуе «Ісламскую дзяржаву». Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган называў гэтыя абвінавачванні беспадстаўнымі.

Указанняў пра нелюбоў да Турцыі не было

Ніякіх спецыяльных указанняў наконт Турцыі не давалі, кажа супрацоўнік аднаго з федэральных тэлеканалаў: у асноўным усе арыентаваліся на заявы Пуціна. Адразу пасля атакі прэзідэнт назваў дзеянні Турцыі «ударам у спіну», і гэты выраз адразу быў падхоплены блогасферай.

Варожасць да Украіне ў расейскай медыяпрасторы пры гэтым працягвала зніжацца. Тэндэнцыю да зніжэння негатыўных ацэнак Кіева не змянілі ні харчовая блакада Крыму, ні адключэнне паўвострава ад электрычнасці.

Да канца года Турцыя заняла ўпэўненае першынство ў якасці «ворага» ва ўсіх медыях, апярэдзіўшы ў гэтым кантэксце нават «Ісламскую дзяржаву».

Вораг № 1 можа змяніцца

Гатовасць расейцаў знайсці ворага ў Турцыі можна патлумачыць агульным пачуццём несправядлівасці ў дачыненні да Расеі, кажа палітолаг Аляксей Макаркін. Турцыя і Украіна не першыя ў спісе «ворагаў Расеі» – у 2007 годзе пасля пераносу помніка Бронзаваму жаўнеру ў ім зʼявілася Эстонія, потым была Грузія, аднак Эстонія хутка была забытая расейцамі, нагадвае Макаркін. Іерархія «ворагаў» у свядомасці расейцаў вызначаецца тэлебачаннем, і Украіна можа зноў вярнуцца на першае месца, калі гэта будзе трэба ўладам, мяркуе эксперт.

МЯ, паводле rbc.ru

Стужка навінаў