Украіна і Беларусь пераходзяць у разліках на грыўню


Украіна і Беларусь будуць выкарыстоўваць для двухбаковых міжнародных разлікаў грыўню. Адпаведная дамоўленасць была прынятая па выніках 23-га пасяджэння Міжурадавай змяшанай украінскай-беларускай групы ў пытаннях гандлёва-эканамічнай супрацы.

Такая дамоўленасць была дасягнутая па просьбе беларускага боку, падае korrespondent.net са спасылкай на прэс-службу Кабінету міністраў Украіны.

Украінскую дэлегацыю на пасяджэнне прадстаўляў сустаршыня камісіі, віцэ-прэм’ер ды міністр рэгіянальнага развіцця, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі Украіны Генадзь Зубко.

«Па выніках перамоваў мы звярнуліся да Нацбанку Украіны з шэрагам прапаноў, якія дапамогуць спрасціць і ажывіць гандаль паміж нашымі дзвюма краінамі, і ўжо прыйшлі да станоўчага рашэння. Украіна і Беларусь будуць выкарыстоўваць для двухбаковых разлікаў не замежную валюту, у прыватнасці долар, а грыўню», – падкрэсліў Зубко.

Акрамя таго Украіна і Беларусь запланавалі разгледзець пытанне аднаўлення паставак электраэнергіі паміж дзвюма краінамі. А таксама – ажыццяўленне транзіту ўкраінскай электраэнергіі праз Беларусь. Адпаведныя кансультацыі будуць праведзеныя ў найбліжэйшы час.

Учора Украіна папрасіла Беларусь вывучыць магчымасць транзіту праз яе тэрыторыі прыроднага газу з Літвы для ўкраінскіх спажыўцоў.

МЯ, паводле korrespondent.net

Стужка навінаў