Украіна хоча ўзнавіць імпарт газу з Расеі


«Нафтагаз Украіны» звярнуўся да «Газпрому» з просьбаю аднавіць пастаўкі газу з ліпеня. Пра гэта паведаміў кіраўнік расейскай газавай кампаніі Аляксей Мілер.

«Так, сапраўды, учора мы атрымалі афіцыйны ліст ад кіраўніка «Нафтагазу Украіны» з просьбай аб аднаўленні паставак расейскага газу. Гаворка ідзе пра дзевяць месяцах: другое паўгоддзе 2016 года і першы квартал 2017 года. То бок наступная зіма і перыяд падрыхтоўкі да яе».

Мілер адзначыў, што змена рашэння ўкраінскай кампаніі цалкам зразумела.

«Сутачны аб’ём рэверсу з Еўропы скараціўся ў чэрвені ў 6,4 разы ў параўнанні з маем і ў 16,8 разы ў параўнанні з красавіком».

Паводле кіраўніка «Нафтагазу» Андрэя Кобалева, Украіна можа аднавіць закуп газу ў Расеі, калі «Газпром» прапануе больш выгадную цану, чым у Еўропе.

Раней ЕЗ адмовіўся субсідаваць Украіне пастаўкі таннага рэверснага газу. На думку ўкраінскіх уладаў, эканамічна апраўданая цана складае каля $ 130 за 1 тыс. кубаметраў. Цяпер цана «Газпрому» для Украіны – каля $ 180.

Зніжэння кошту на блакітнае паліва дамаецца і нашая краіна. Перамовы на гэтую тэму вядуцца са студзеня. Прадстаўнікі Расеі неаднаразова заяўлялі аб немэтазгоднасці зніжаць цану на газ для нашай краіны. Беларускі бок лічыць, што мае права разлічваць на зніжэнне кошту да 73 долараў за тысячу кубаметраў замест цяперашніх $ 142.

Чытайце таксама >>> Менскі адказ «Газпрому». Козыры самыя ідуць у рукі Лукашэнку?

ДР, belsat.eu паводле ria.ru

Стужка навінаў