Украіна дасць рэкамендацыі сваім грамадзянам адносна наведвання Беларусі


Пасля знікнення Паўла Грыба і адсутнасцю адказу на гэты конт з беларускага боку МЗС Украіны хоча даць сваім грамадзянам рэкамендацыі па наведванні нашае краіны.

Міністр замежных спраў Украіны Павел Клімкін сказаў журналістам, што адказу Беларусі ў справе Паўла Грыба «пакуль няма».

«Мы адразу звярнуліся да беларусаў, я размаўляў з міністрам замежных спраў. Цяпер мы спрабуем атрымаць гэты адказ, – сказаў Клімкін.

Паводле Клімкіна, Украіна занепакоеная гэтай сітуацыяй.

«Мы разумеем, што расейскія спецслужбы працуюць на тэрыторыі Беларусі, і мы павінныя для сябе зразумець, якую небяспеку гэта нясе для нашых грамадзянаў. Паколькі МЗС адказвае за бяспеку нашых грамадзянаў за мяжой, мы павінныя даць адпаведныя рэкамендацыі», – цытуе міністра «Інтэрфакс».

Павел Грыб, інвалід дзяцінства, знік 24 жніўня пасля таго як паехаў у Беларусь на сустрэчу з расейскай дзяўчынай Таццянай, з якой пазнаёміўся ў інтэрнэце.

Пасля таго, як ён не выйшаў на сувязь, яго бацька, украінскі афіцэр Ігар Грыб, паехаў на пошукі.

Пазней высветлілася, што Паўла выкралі расейскія спецслужбы. Ён быў у вышуку ФСБ Краснадарскага краю за магчымае дачыненне да здзяйснення тэракту. Цяпер ён знаходзіцца ў краснадарскім СІЗА пад арыштам да 17 кастрычніка.

У пятніцу 15 верасня Паўла Грыба вывозілі ў лякарню, дзе камісія лекараў вырашала пытанне пра магчымасць ягонага знаходжання ў СІЗА. Адвакат Паўла Грыба кажа, што са здароўем у ягонага падабароннага няма праблемаў.

ДД

Стужка навінаў