УЕФА выбраў новага прэзідэнта


Ceferin

Александэр Чэфэрын

Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцыяў на кангрэсе ў Афінах вызначыўся з новым кіраўніком.

Ім стаў славенец Александэр Чэфэрын (Aleksander Čeferin). На кангрэсе за яго аддалі 42 галасы, у той час як за ягонага канкурэнта Мікаэла ван Прааха (Michael van Praag) з Нідэрландаў – 13.

Александэр Чэфэрын стаў сёмым кіраўніком УЕФА. Ён нарадзіўся ў 1967 годзе ў Любляне. Атрымаў вышэйшую адукацыю ў галіне юрыспрудэнцыі ў Люблянскім універсітэце. Дзейнасць Чэфэрына ў славенскім футболе пачалася ў 2005 годзе, калі ён стаў супрацоўнічаць з праўленнем «Ліціі» – аднаго з вядучых футзальных клубаў краіны. У 2011 годзе абраны прэзідэнтам Футбольнай асацыяцыі Славеніі, а ў лютым 2015 года пераабраны на чарговы чатырохгадовы тэрмін. Акрамя таго Чэфэрын займаў пасады другога і трэцяга віцэ-старшыняў Юрыдычнага камітэту УЕФА.

Глядзіце таксама >>> Як у ФІФА разгарэўся скандал

Пазачарговыя выбары кіраўніка УЕФА адбыліся ў сувязі з адхіленнем былога кіраўніка арганізацыі Мішэля Плятыні ад любой дзейнасці, звязанай з футболам.

НМ, belsat.eu, паводле Афіцыйнай старонкі УЕФА, фотаздымак Getty Images для УЕФА

Стужка навінаў