УЕФА пакараў БАТЭ за ўчынак Аляксандра Вянгерскага


УЕФА вынес пакаранне клубу БАТЭ за інцыдэнт падчас матчу групавога этапу Лігі Еўропы з лонданскім «Арсеналам», калі заўзятар Аляксандр Вянгерскі выбег на поле «Барысаў-Арэны» з бел-чырвона-белым сцягам.

Паводле афіцыйнага сайту УЕФА, БАТЭ аштрафаваны на 5 тыс. еўра.

Нагадаем, 28 верасня падчас матчу паміж футбольнымі камандамі БАТЭ-Арсенал Аляксандр Вянгерскі выбег на поле з бел-чырвона-белым сцягам. Яго затрымала ахова стадыёну і вывела з поля.

29 верасня суд Барысаўскага раёну асудзіў Аляксандра Вянгерскага на 10 содняў адміністрацыйнага арышту за «дробнае хуліганства» і «непадпарадкаванне законнаму патрабаванне службовай асобы».

На судзе хлопец распавёў, што пасля затрымання яго ставілі на калені супрацоўнікі АМАПу і білі па нырках.

У турме Вянгерскі абвесціў галадоўку ў знак салідарнасці з палітычнымі зняволенымі.

Адразу пасля адбыцця 10-соднявага арышту Аляксандра Вянгерскага з Вялейкі судзілі зноў – на гэты раз за ўдзел у акцыі супраць вучэнняў «Захад-2017», якая адбылася ў Менску 8 верасня. Суд Вялейскага раёну аштрафаваў хлопца на 20 базавых велічыняў (460 рублёў).

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў