Удзельнікі тату-фэсту ў Менску абіраюць нацыянальную сімволіку

photo

Чацвёрты па ліку тату-фэст праходзіць у менскім Палацы мастацтваў. Больш за 40 майстроў з розных краінаў зʼехаліся, каб паўдзельнічаць у конкурсе на найлепшую татуіроўку.

На імпрэзе кожны ахвотны мог замовіць сабе татуіроўку на свой густ. Тыя, хто хацеў навучыцца майстэрству тату, маглі адбыць майстар-класы ў адмыслоўцаў. Для майстроў былі арганізаваныя конкурсы ў розных намінацыях: «олд скул» («старая школа»), рэалізм, вялікая чорна-белая ды вялікая каляровая татуіроўкі.

_MG_0218

Каманда суддзяў старанна назірала за тым, што адбываецца, імкнучыся ўважліва разгледзець кожны малюнак і годна ацаніць.

Ужо на першым тату-фэсце вялікая ўвага ўдзялялася татуіроўкам у выглядзе беларускага нацыянальнага арнаменту. З дапамогай гэтага элементу тату–фэст спрабуе далучыць наведнікаў ды майстроў да нацыянальнай культуры.

_MG_0267

Паназіраўшы за людзьмі на імпрэзе, карэспандэнт Belsat.eu пацікавіўся: чым кіруюцца беларусы, калі абіраюць татуіроўкі з беларускай нацыянальнай сімволікай.

_MG_9943

«Я вельмі захапляюся беларускай культурай, беларускай гісторыяй, таму я і вырашыў зрабіць такую татуіроўку. Кожны беларус мусіць ведаць сваю нацыянальную гісторыю, культуру. Першапачаткова я хацеў зрабіць вышыванку на машыну, але вырашыў пайсці далей, каб мая Беларусь была заўсёды побач», – адзначыў адзін з наведнікаў імпрэзы Віталь.

_MG_0040

Тату-майстрыца Вольга заўважыла: «Гэта асабістыя рэчы, таму я свае каштоўнасці акрэсліла беларускай сімволікай. У працы, калі да мяне прыходзіць чалавек і хоча арнаментальную графіку, я стараюся індывідуальна падабраць, зыходзячы з ягоных поглядаў, пераваг. Таму што такія рэчы трэба вельмі глыбока асэнсоўваць».

Саша, які прыйшоў зрабіць татуіроўку, падкрэсліў: «Гэта абсалютна свядомы крок. Я гэтак пазначаю сябе беларусам. Хачу зрабіць вялікую вышыванку на ўсю руку».

МР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары