«Удар шабляй». Што амерыканскае войска робіць на памежжы з Беларуссю?


Увага. Калі вы ў першай палове чэрвеня збіраецеся вандраваць па Польшчы і краінах Балтыі на сваім аўтамабілі, рыхтуйцеся прапускаць вялізныя ваенныя калонны натаўскай тэхнікі. Там пачынаюцца вучэнні «Удар шабляй» – традыцыйныя, але найбуйнейшыя ў сваёй гісторыі па колькасці ўдзельнікаў. У ваенным сэнсе манеўры не нясуць пагрозы для Беларусі, але ў палітычным – імі абавязкова скарыстаецца Масква.

Яны ідуць. Сотні амерыканскіх Страйкераў і Хамві выехалі з Нямеччыны ў бок Літвы. У былых краінах Варшаўскай дамовы большасць насельніцтва вітае амерыканцаў, як гарантаў міру і спакою.

«У наступныя некалькі дзён літаральна тысячы жаўнераў НАТО пройдуць праз Еўропу для ўдзелу ў вучэннях «Удар Шабляй» у Польшчы, Літве і Латвіі», – кажа Стэфэн Кінг, амбасадар ЗША ў Чэхіі.

 

Штогадовыя вучэнні амерыканскіх сухапутных войскаў у Еўропе Saber Strike – «Удар шабляй» – раней збіралі не больш двух тысячаў удзельнікаў. Але пасля расейскай агрэсіі супраць Украіны ўсё змянілася. Сёлета «Удар шабляй» гэта 18 тысячаў вайскоўцаў з 19 краінаў НАТО і краінаў-саюзніц, амаль тысяча высокамабільных бронемашынаў, больш за 60 верталётаў і амаль паўсотні танкаў.

«Сёлета вучэнні «Удар шабляй» уключаюць значна большыя, значна хутчэйшыя і больш сінхранізаваныя аперацыі. Яны скамбінаваныя з іншымі вучэннямі ў рэгіёне. Гэта ў тым ліку марскія вучэнні «Балтык оперэйшнс» у Балтыйскім моры, а таксама Swift Response –«Хуткае Рэагаванне», гэта таксама вучэнні амерыканскіх войскаў, а таксама ўнутраныя вучэнні Літвы і Латвіі», – каментуе Рэй Вуйцік, былы вайсковы аташэ амбасады ЗША ў Варшаве, а цяпер дырэктар польскага офісу вашынгтонскага Цэнтру аналізу еўрапейскай палітыкі.

«Балтык оперэйшнс» або «BALTOPS» ужо стартавалі ў Літве. 4 дзясяткі ваенных караблёў з 15 краінаў, 4 тысячы ваенных маракоў.

«Як і ўсе вучэнні, «БалтОпс» накіраваны на ўсе тыпы ваенных дзеянняў, у тым ліку бой супраць субмарынаў, паветраная абарона, бой супраць ваенных караблёў», – распавядае Андрус Шырвіс, кіраўнік штаба Літоўскага марскога флоту.

Ключавы манеўр камбінацыі вучэнняў – хуткае перакідванне Другога кавалерыйскага палку амерыканскага войска з месца пастаяннай дыслакацыі. З нямецкага Фільсэку праз Чэхію і Польшчу яны едуць у бок польскіх Сувалак. Гэта непадалёк ад Беларусі. Рэй Вуйцік, былы амерыканскі ваенны аташэ ў Польшчы, кажа, што «Удар Шабляй» гэта найперш праверка мабільнасці войскаў, здольнасці на ўсіх узроўнях хутка адрэагаваць на атаку ворага і прывесці ўзмацненне ў патрэбны раён.

«Бяспека краінаў НАТО і нашых партнёраў – краеўгольны камень нашых абавязальніцтваў. І ЗША і партнёры па НАТО паказваюць на справе, з дапамогай вучэнняў, што мы клапоцімся аб бяспецы ў гэтым рэгіёне, і будзе вялікай памылкай сумнявацца ў гэтым», – працягвае Рэй Вуйцік.

Сувалкі абраныя не проста так. Сувальскі калідор гэта найбольш верагоднае месца атакі расейскіх войскаў з Калінінградскай вобласці і беларускай тэрыторыі. Калі дойдзе да вялікай вайны, менавіта тут расейцы будуць адсякаць краіны Балтыі ад саюзнікаў.

«Побач з намі жыве вельмі агрэсіўная дзяржава. Побач з намі Крэмль, які не хавае сваёй агрэсіўнасці і паказвае гэта канкрэтнымі крокамі, анексуючы і нападаючы на суседнія дзяржавы», кажа Раса Юкнявічыене, міністр абароны Літвы 2008-2012.

У пэўным сэнсе «Удар шабляй – 2018» гэта адказ на вучэнні «Захад-2017», якія адбываліся не толькі на беларускай тэрыторыі, але і на ўсім захадзе Расеі, і ў Балтыйскім моры. Афіцыйна – 13 тысячаў вайскоўцаў і барацьба супраць незаконных узброеных фармаванняў. Неафіцыйна – 120 тысячаў удзельнікаў, адпрацоўка масіраванага ўдару па суседніх краінах і прымусу да міру ракетамі з ядравай зброяй.

«Для публікі ў іх адзін сцэнар, а той сцэнар, пра які ведаем мы, гэта тое, што дзеецца на полі, якія войскі ўдзельнічаюць. Гэтыя войскі для нападу, а не абароны. І ў сцэнары ёсць ядравая зброя», – зазначае Раса Юкнявічыене.

Толькі ў Заходняй ваеннай акрузе Расеі значна больш войскаў, чым ва ўсім блоку НАТО ва Ўсходняй і Цэнтральнай Еўропе, кажа Арсеній Сівіцкі, дырэктар Цэнтру стратэгічных і замежнапалітычных даследаванняў:

«Расея па сутнасці рэпетуе атаку на т. зв. Прыбалтыйскі плацдарм з выкарыстаннем 1-й танкавай арміі, 11-га армейскага корпусу, які знаходзіцца на тэрыторыі Калінінграда, і ў НАТО ўсё гэта ўлічваюць і адпаведным чынам рэагуюць».

На «Saber Strike» Расея адрэагуе палітычна – у чарговы раз патрабуючы ад Беларусі ўзмацніць ваенную інтэграцыю супраць натаўскай пагрозы. Эксперт лічыць, што гэта можа быць спроба перафарматаваць стасункі паводле армянскай мадэлі.

«Не толькі размяшчэнне расейскіх ваенных базаў на беларускай тэрыторыі, але і перападпарадкавання рэгіянальнай групоўкі войскаў і спроба ўключыць яе разам з іншымі сілавымі структурамі Беларусі ў склад групоўкі войскаў на заходнім стратэгічным кірунку», – працягвае Сівіцкі.

Але гэта будзе чарговы крок да страты незалежнасці.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою.

Глядзіце таксама:

Тры памылкі СБУ падчас інсцэнізацыі забойства Бабчанкі

Кітай больш не прымае заходнія адкіды. Ці Беларусь заробіць на смецці з Еўропы?

Стужка навінаў