Уцякач? Шчыра запрашаем... у СІЗА


Паўгода ў ізалятары – без суду і выраку. А яшчэ – без ведання мовы, дапамогі адваката і ўцямнага ўяўлення, што там, наперадзе. Гэтак сустракае Беларусь тых, хто марыць атрымаць у нашай краіне прытулак і шанец распачаць іншае жыццё – жыццё без вайны, катаванняў і голаду.

У аналітычным дакладзе, падрыхтаваным у межах ініцыятывы «Нелегальных людзей не бывае» праваабаронцы звяртаюць увагу на тое, што ўлада ігнаруе цэлы шэраг праблемаў у галіне міграцыйнай палітыкі. А за кожнай праблемай – чалавечыя лёсы.

Чытайце таксама: Дазвол на жыццё. Як уцекачы шукаюць прытулку ў Беларусі

Ці бачаць гэта ў структурах, якія адказныя за мігрантаў? На пытанні belsat.eu адказвае начальнік дэпартаменту па грамадзянстве і міграцыі Аляксей Бягун*.

Як так атрымліваецца, што людзі, якія хочуць атрымаць у нашай краіне прытулак ці дадатковую абарону, утрымліваюцца ў ізалятарах часовага ўтрымання, то-бок месцах, куды трапляюць за хуліганства і іншыя правапарушэнні?

Не ўсе туды трапляюць. Той, хто самастойна прыходзіць і звяртаецца ў кампетэнтныя органы, той пражывае або ў спецыялізаваных цэнтрах для прыёму ўцекачоў, або ў тых, месцах, якія яны падбяруць для пражывання. Калі ж іншаземца затрымліваюць за парушэння рэжыму перабывання, за парушэнне мяжы або з іншых прычынаў ды ўтрымліваецца ўжо ў ізалятары часовага ўтрымання, а потым падае хадайніцтва аб прадстаўленні статусу ўцекача, то ён знаходзіцца ў спецыяльнай установе МУС – на тэрмін разгляду ягонай справы.

Калі будзе рашэнне аб прадстаўленні прытулку ці дадатковай абароны, то яго выпускаюць з гэтай установы.

Я правільна зразумеў, што ў ізалятарах утрымліваюць толькі парушальнікаў і да таго часу, пакуль не прымуць па ім рашэння? Але гэта працэдура можа зацягнуцца на некалькі месяцаў…

Працэдура па пытаннях аб прадстаўленні прытулку ці абароны працягваецца да 6 месяцаў.

Да 6 месяцаў сядзець у ізалятары. Гэта не зусім гуманна, вам не падаецца?

Негуманна, але калі б гэта быў сапраўдны ўцякач, то ён ад моманту знаходжання на тэрыторыі Беларусі мусіў сам звярнуцца ў кампетэнтныя органы з хадайніцтвам аб прадстаўленні статусу ўцекача і прытулку.

А калі ён не звяртаецца, а яго затрымліваюць за парушэнне правілаў знаходжання або за парушэнне рэжыму дзяржаўнай мяжы, тады ён, у першую чаргу, з’яўляецца парушальнікам заканадаўства, а ўжо потым асобаю, што звярнулася ў кампетэнтныя органы з хадайніцтвам.

У Еўропе апошнім часам усё больш уцекачоў, у тым ліку ў нашых суседзяў. Едуць праз Італію і іншыя краіны. Наколькі гэтая праблема актуальная для нас?

У нас няма Сяродземнага мора, праз якое прыбывае большасць нелегальных мігрантаў у ЕЗ. У нас статыстыка паказвае, што большасць зваротаў па прытулак паступаюць ад грамадзянаў Украіны. Грамадзянаў трэціх краінаў, такіх, як Афганістан, Сірыя знаходзяцца на другім-трэцім радку. Іх не так шмат, у параўнанні з колькасцю грамадзянаў Украіны.

Грамадзяне Украіны, калі яны самыя звяртаюцца па прытулак, таксама жывуць у спецыялізаваных цэнтрах?

Грамадзяне Украіны жывуць, як правіла, у тых месцах, якія яны знайшлі для пражывання. У адмысловых спецыялізаваных цэнтрах жывуць таксама і грамадзяне Украіны. Калі там ёсць месца – то жывуць там, як няма – дзяржава аплочвае ім выдаткі на жыллё. Спецыялізаваных цэнтраў толькі тры. І колькасць месцаў – усяго толькі 70.

Гутарыў Зміцер Ягораў, belsat.eu

* – Праз шматлікія адмовы акрэдытаваць «Белсат» у Беларусі, наш тэлеканал запзвычай не мае магчымасцяў ладзіць інтэрвю з афіцыйнымі асобамі. Гутарка з начальнікам Дэпартаменту адбылася у межах «Гарачай лініі» для насельніцтва.

Стужка навінаў