«Учора тэлевізар каштаваў 18 мільёнаў, сёння – 21…»


Нечаканы рост долару і еўра па-свойму адбіўся і на гарадзенскіх рэаліях. Курс пакупкі долару сёння ў Горадні – 17 600-17 850, еўра – 20 200-21 150. Чэргаў каля абменнікаў не назіраецца: купляць па такім курсе яшчэ ніхто не хоча, здаваць – баяцца, маўляў, а раптам яшчэ вырасце?

Затое, сапраўдны ажыятаж назіраецца ў крамах з побытавай тэхнікай. Паліцы «5 элементу» на Горкага стаяць пустыя, а на ўваходзе – з-дзесятак запакаваных для вывазу халадзільнікаў. На «Кароне» на вул. Перамогі стаяць чэргі на афармленне побытавай тэхнікі ў растэрміноўку.

Да тэлевізараў, у тым жа «5 элеменце», на кукішках прыглядаецца мужчына ў кепцы з мабільным тэлефонам у руцэ:

«Слухай, учора былі па 18 мільёнаў, а сёння – 21, нічога сабе…»

Адначасна, на сценах гораду ў мікрараёнах пачынаюць з’яўляцца нязручныя рытарычныя пытанні. «Што есці?» – так гучыць лозунг, намаляваны балончыкам на шматкватэрным будынку на Паповіча.

[vc_single_image image=”368160″ img_size=”large”]

Апошнімі цёплымі жнівеньскімі днямі горад застыў у чаканні новых эканамічных сюрпрызаў.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў