Гомельскую журналістку Ларысу Шчыракову будуць судзіць за акцыю інваліда (абноўлена)


Справу незалежнай жургалісткі 23 студзеня разгледзіць Светлагорскі раённы суд Гомельскай вобласці.

20 студзеня незалежную журналістку Ларысу Шчыракову з Гомля апытаў участковы інспектар Гомельскага РАУС, лейтэнант Андрэй Шэйман.

Участковы прыехаў да яе дахаты і распытваў пра ролю журналісткі ў пікеце, які ладзіў у лістападзе ў Светлагорску інвалід Юрый Ляшэнка. Ларыса Шчыракова ведала пра гэта мерапрыемства загадзя і прыехала ў Светлагорскі для яго асвятлення.

Таксама 20 студзеня журналістка наведала Светлагорскі раённы аддзел міліцыі, куды яе выклікалі позвай для тлумачэнняў з нагоды згаданага пікета.

Адзіночны пікет Юрый Ляшэнка спрабаваў правесці 25 лістапада, каб прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемаў інвалідаў. У прыватнасці – каб выказаць пратэст супраць ігнаравання правоў людзей з абмежаванымі фізічнымі здольнасцямі пры капітальным рамонце двухпавярховага дому, у якім жыве.

Акцыя, не паспеўшы распачацца, скончылася затрыманнем. Пры гэтым скручвалі інваліда першай групы не міліцыянты, а… медыкі. Людзі ў халатах пагрузілі яго разам з інвалідным вазком у машыну і завезлі ў шпіталь, дзе зрабілі некалькі ўколаў. Пасля міліцыянты склалі на Юрыя Ляшэнку пратакол за правядзенне несанкцыянаванага мерапрыемства, на падставе якога раённы суд аштрафаваў інваліда.

Прысутныя на пікеце журналісты, сярод якіх былі Ларыса Шчыракова і Кастусь Жукоўскі, распавялі ў СМІ пра гвалт над пікетоўцам-адзіночкам.

Відавочна, што цяпер светлагорская міліцыя спрабуе прыцягнуць да адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве ў тым ліку і журналістаў.

НМ, belsat.eu, паводле ГА «БАЖ»

Стужка навінаў