«Uber» з NASA будуць працаваць над стварэннем лятучага таксі


Сэрвіс таксі заключыў кантракт з Нацыянальным упраўленнем па аэранаўтыцы і даследаванню касмічнай прасторы аб распрацоўцы праграмнага забеспячэння для кантролю за маршрутамі лятучых таксі, паведамляе Reuters.

Паводле кантракту NASA павінна будзе вырашыць праблему сачэння і кіравання сотнямі ці тысячамі лятальных апаратаў у гарадской паветранай прасторы. Маршруты таксі трэба будзе пракладваць так, каб яны не заміналі працы аэрапортаў і дзейных дыспетчарскіх сістэмаў.

У кампаніі падкрэслілі, што гэта першы фармальны кантракт з NASA. Праект называецца Uber Elevate.

Да тэстаў лятучых таксі плануюць перайсці ў 2020 годзе. Першапачаткова таксі з’явяцца ў Лос-Анджэлесе. Машыны будуць разлічаны на чатырох пасажыраў і змогуць развіваць хуткасць да 321 км/г, а ўзлятаць і прызямляцца будуць вертыкальна.

Паводле задумы распрацоўнікаў, такія апараты могуць дапамагчы жыхарам прыгарадаў пазбегнуць коркаў. Мэта праекту – скараціць час паездак і транспартныя выдаткі. Кампанія чакае, што кошт паездкі будзе падобны да паслугаў UberX, і хоча, каб сэрвіс пачаў дзеяць да 2028 – Алімпійскіх гульняў у Лос-Анджэлесе.

ДР belsat.eu

 

Глядзі таксама
Каментары