«Uber» прымусілі сысці з Вугоршчыны, кампанія падае скаргу ў Еўракамісію


Новы закон у Вугоршчыне дазволіў блакаваць прыкладанне «Uber».

Ён быў прыняты ў ліпені. Закон дазваляе блакаванне інтэрнэт-старонак, якія прапануюць паслугі таксовак, але не адпавядаюць нарматыўным актам дзяржаўнага рэгулявання, напрыклад, не маюць дыспетчарскай.

Вугоршчына – першая краіна ў Еўропе, дзе «Uber» быў вымушаны прыпыніць сваю дзейнасць. Гэта адбылося ў ліпені.

«Пасля доўгіх развагаў мы вырашылі падаць скаргу ў Еўрапейскую камісію, каб яна вывучыла вугорскі закон», – паведаміў «AFP» праз электронную пошту прэс-сакратар амерыканскай кампаніі.

Чытайце таксама >>>> Прывітанне, «Uber»! Як працуе «забойца таксовак» у Менску 

«Uber» тлумачыць, што вугорскі закон дазваляе блакаваць старонку фірмы а таксама прыкладанне. А таксама дае ўладам магчымасць пазбаўляць пасведчання кіроўцаў на тэрмін «да трох гадоў», тое ж тычацца і рэгістрацыйных нумароў аўтаў, якія аказваюць паслугі «Uber».

«Мы прыпынілі нашую дзейнасць яшчэ да таго, як улады пачалі ўжываць такія захады, але гэтыя законы парушаюць прынцыпы адзінага еўрапейскага рынку», – дадаў у лісце прэс-сакратар кампаніі.

Паводле дадзеных «Uber», у Вугоршчыне прыкладанне мела 160 тыс. зарэгістраваных карыстальнікаў і 1,2 тыс. кіроўцаў.

НМ, belsat.eu, паводле PAP

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары